ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2-я ДРЫСЕНСКАЯ, Віцебскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2‑я ДРЫСЕНСКАЯ

Дата стварэння: 02.11.2023 16:36:42

Дата змены: 21.08.2025 11:10:44


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    2-я ДРЫСЕНСКАЯ, Віцебскай вобласці

Сцяг партызанскай брыгады 2-й Дрысенскай. Захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Партыза́нская брыга́да 2‑я Дры́сенская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дрысенскага і Расонскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створана 4 кастрычніка 1943 г. з атрадаў імя М. І. Калініна (арганізаваны ў ліпені 1942) і імя М. І. Кутузава (арганізаваны ў пачатку ліпеня 1943), вылучаных з партызанскай брыгады 1‑й Дрысенскай; у складзе брыгады атрады былі перайменаваны ў 1‑ы Калінінскі і 2‑і Калінінскі, у канцы кастрычніка 1943 г. арганізаваны атрад 3‑і Калінінскі.

Партызаны рабілі дыверсіі на чыгунцы Полацк — Даўгаўпілс, аўтамабільных дарогах Полацк — Даўгаўпілс, Асвея — Полацк, Клясціцы — Полацк, Расоны — Янкавічы, Боркавічы — Дрыса і інш. У лістападзе — снежні 1943 г. вялі баі з карнікамі, утрымлівалі абарону на рэках Дрыса і Нішча каля вёсак Латышова, Залессе, Аляксееўцы, Пярэкі, Дзёрнавічы, Жукі.

У снежні 1943 г. пасля цяжкіх баёў з карнікамі брыгада, якая ўключала атрады 1‑ы і 2‑і Калінінскія і налічвала 245 партызан, выйшла ў савецкі тыл, большасць байцоў была мабілізавана ў Чырвоную армію. У студзені 1944 г. камандаванне брыгады і абодва атрады, у якіх засталіся 92 партызаны, вярнуліся ў ранейшы раён баявых дзеянняў, дзе працягваў дзейнічаць атрад 3‑і Калінінскі.

У лютым 1944 г. партызаны брыгады разграмілі гарнізон ворага ў в. Зялёнаўшчына Дрысенскага раёна. У красавіку 1944 г. у час карнай экспедыцыі брыгада прарвала варожую блакаду каля воз. Акунёвец у Расонскім раёне. У «Рэйкавай вайне» на чыгуначным участку Баравуха — Свольна партызаны падарвалі больш за 700 рэек. У ліпені 1944 г. разграмілі гарнізон у в. Пярэкі Дрысенскага раёна, потым разам з савецкімі войскамі праследавалі праціўніка ў раёне вёсак Смалаўкі, Шахавіца, Рудня і Юзафова да р. Свольна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 12 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы Калінінскі, 2‑і Калінінскі і 3‑і Калінінскі, у якіх налічвалася 230 партызан.

Камандзір брыгады I. М. Кухарэнка, камісар I. В. Хут, начальнік штаба А. К. Касач.