ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА САВЕЦКУЮ БЕЛАРУСЬ», Віцебскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА САВЕЦКУЮ БЕЛАРУСЬ»

Дата стварэння: 02.11.2023 16:39:11

Дата змены: 10.07.2025 14:29:22


Партыза́нская брыга́да «За Саве́цкую Белару́сь»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бешанковіцкага, Асвейскага, Гарадоцкага, Дрысенскага, Расонскага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створана ў кастрычніку 1942 г. з асобных атрадаў «Сібірак» (арганізаваны ў сакавіку 1942), імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў красавіку 1942), імя Р. І. Катоўскага (створаны ў ліпені 1942). У лютым 1943 г. арганізаваны атрад імя С. Г. Лазо, у чэрвені — атрады імя М. А. Шчорса і імя Аляксандра Неўскага, у жніўні — імя М. І. Кутузава, у кастрычніку 1943 г. — імя А. В. Суворава.

Партызаны наносілі ўдары на чыгунках Віцебск — Даўгаўпілс, Полацк — Маладзечна, на шашэйных і грунтавых дарогах. Разграмілі ў сакавіку 1943 г. апорныя пункты ворага ў в. Гаі Дрысенскага раёна, у чэрвені і ліпені 1943 г. у вёсках Свяча і Сокарава Бешанковіцкага раёна, у кастрычніку 1943 г. і студзені 1944 г. гарнізоны ў в. Камень Лепельскага раёна, у вёсках Дубраўка, Хадакова, Ягадкі Ушацкага раёна, Хлебаўшчына Бешанковіцкага раёна (гл. таксама ў артыкуле Лепельская аперацыя 1943 г.). У жніўні і верасні 1943 г. на чыгуначным участку Полацк — Празарокі падарвалі больш за 2 тыс. рэек. У час карнай экспедыцыі супраць партызан Полацка-Лепельскай партызанскай зоны ў красавіку — маі 1944 г. вялі абарончыя баі на рубяжы Горы — Чарсцвяды — Загор’е, перакрылі ворагу шляхі на г. п. Ушачы, больш за 10 дзён вялі баі каля вёсак Слабада — Казьяне — Пілатоўшчына, за в. Сарочына і іншыя населеныя пункты Ушацкага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Сібірак», імя В. І. Чапаева, імя Р. І. Катоўскага, імя С. Г. Лазо, імя М. А. Шчорса, імя Аляксандра Неўскага, імя М. І. Кутузава, імя А. В. Суворава, у якіх налічваўся 421 партызан.

Камандзір брыгады П. М. Раманаў (загінуў); камісары: Д. П. Падалец, М. Г. Жыжоў (загінуў); начальнікі штаба: М. А. Дадзеркін, М. А. Звераў (загінуў), А. І. Ерашэнка.

Камандзіру брыгады П. М. Раманаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад. У гонар атрадаў «Сібірак» і імя В. І. Чапаева ў в. Чанавічы Бешанковіцкага раёна ў 1970 г. пастаўлена стэла, у в. Турасполле Ушацкага раёна ў 1976 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.