ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «СМЕРЦЬ ФАШЫЗМУ», Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «СМЕРЦЬ ФАШЫЗМУ»

Дата стварэння: 17.11.2023 09:02:47

Дата змены: 15.05.2025 15:22:25


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «СМЕРЦЬ ФАШЫЗМУ», Мінскай вобласці

Помнік партызанскай брыгадзе «Смерць фашызму» ў аграгарадку Юр'ева Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да «Смерць фашы́зму»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Смалявіцкага, Барысаўскага, Лагойскага і Плешчаніцкага раёнаў Мінскай вобласці.

Створана 29 ліпеня 1943 г. на базе атрада «Смерць фашызму» (арганізаваны ў чэрвені 1942 ў савецкім тыле, перайшоў лінію фронту і быў накіраваны ў Смалявіцкі раён, дзейнічаў самастойна, у лістападзе 1942 — маі 1943 у складзе брыгады «Стары»). У жніўні з 1‑й, 2‑й і 3‑й рот былога атрада ўтвораны атрады імя М. І. Кутузава, імя В. П. Чкалава і імя С. М. Будзённага; дыверсійны ўзвод у кастрычніку 1943 г. пераўтвораны ў атрад імя К. Я. Варашылава.

Партызаны рабілі дыверсіі на чыгунцы і шашы Мінск — Смалявічы — Барысаў, узарвалі і спалілі 55 мастоў, 4 склады. У ноч на 26 верасня 1943 г. падарвалі 470 рэек, разбурылі 1,5 км чыгункі. Неаднаразова пашкоджвалі падземны кабель, які злучаў стаўку Гітлера з Усходнім фронтам. У красавіку — чэрвені 1943 г., красавіку — чэрвені 1944 г. вялі баі з карнікамі. У ліпені 1944 г. удзельнічалі ў ліквідацыі акружанай групоўкі нямецка-фашысцкіх войск у Смалявіцкім раёне.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. І. Кутузава, імя В. П. Чкалава, імя С. М. Будзённага, імя К. Я. Варашылава, у якіх налічвалася 706 партызан.

Камандзір брыгады В. Ф. Таруноў, камісар I. П. Дзядзюля, начальнік штаба А. А. Кіслякоў.

У гонар брыгады ў в. Юр’ева Смалявіцкага pаёна ў 1967 г. пастаўлены помнік.