ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЧЫРВОНЫ СЦЯГ», Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЧЫРВОНЫ СЦЯГ»

Дата стварэння: 21.12.2023 10:34:36

Дата змены: 15.05.2025 15:22:25


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЧЫРВОНЫ СЦЯГ», Мінскай вобласці

Помнік у гонар партызанскай брыгады «Чырвоны сцяг» у вёсцы Горкаўская Слабада Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да «Чырво́ны сцяг»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Чэрвеньскага, Барысаўскага, Смалявіцкага і Пухавіцкага раёнаў Мінскай вобласці, Асіповіцкага і Бярэзінскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створана ў жніўні 1943 г. на базе атрадаў «Чырвоны сцяг» (арганізаваны ў сакавіку 1942) і імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў снежні 1942), вылучаных партызанскай брыгадай «За Радзіму» імя А. К. Флегантава. Адначасова арганізаваны атрады імя М. В. Фрунзэ і М. Ф. Гастэлы, у лістападзе 1943 г. створаны атрад імя В. М. Молатава (у красавіку 1944 расфарміраваны).

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных участках Жодзіна — Барысаў, Мінск — Пухавічы. У жніўні — верасні 1943 г. на чыгуначных участках Жодзіна — Смалявічы, Талька — Пухавічы падарвалі больш за 560 рэек, правялі 84 дыверсіі па падрыве варожых эшалонаў, спалілі 27 аўтамашын, на шашэйных і грунтавых дарогах разбурылі 22 масты. У верасні 1943 г. і маі 1944 г. з баямі выходзілі з акружэння. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Якшыцы, Чырвоны Вугал, Хутар Бярэзінскага раёна. У час наступлення Чырвонай арміі 23–30 чэрвеня 1944 г. заблакіравалі шашу Магілёў — Мінск, падбілі 20 варожых аўтамашын, знішчылі 12 км тэлэфонна-тэлеграфнай лініі. Удзельнічалі ў вызваленні г. Чэрвень, вёсак Карпілаўка, Хутар, Стары Пруд Чэрвеньскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Чырвоны сцяг», імя К. Я. Варашылава, імя М. В. Фрунзэ, імя М. Ф. Гастэлы, у якіх налічвалася 818 партызан.

Камандзір брыгады I. З. Кузняцоў, камісар В. П. Каралёў, начальнік штаба К. I. Івашкевіч.

У гонар брыгады ў в. Горкаўская Слабада Чэрвеньскага раёна ў 1965 г. пастаўлены помнік.