pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД А. Ф. САРАФАНАВА

Дата стварэння: 21.12.2023 10:36:35

Дата змены: 20.06.2025 10:17:32


Партыза́нскі атра́д А. Ф. Сарафа́нава

Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Капаткевіцкага, Акцябрскага, Даманавіцкага і Васілевіцкага раёнаў Палескай вобласці.

Створаны ў маі 1942 г. на базе групы А. Ф. Сарафанава, арганізаванай у лістападзе 1941 г. у Бабруйску з ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне, і падпольшчыкаў. Дзейнічаў у складзе партызанскіх брыгад 123‑й Акцябрскай імя 25‑годдзя БССР і 210‑й Капаткевіцкай.

Партызаны ў лістападзе 1942 г. разам з іншымі атрадамі ўдзельнічалі ў падрыве чыгуначнага моста цераз р. Пціч (рух на магістралі Гомель — Брэст спынены на 18 сутак), у 2‑й палове 1942 г. — у разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Шкава, Бярозаўка, Катка, Халопенічы. У ліпені 1943 г. вялі засадны бой супраць паліцыі Даманавіцкага гарнізона.

Атрад (68 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г.

Камандзіры: А. Ф. Сарафанаў, Д. Я. Карнілаў (выконваючы абавязкі), В. М. Васільеў; камісары: А. I. Рудэнка, К. У. Шарыкалаў; начальнікі штаба: М. В. Бушуеў, К. У. Шарыкалаў, Д. Я. Карнілаў.