Дата стварэння: 29.01.2024 12:02:14
Дата змены: 15.05.2025 15:02:01
Партыза́нскі атра́д 124‑ы Касцюко́віцкі
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці БССР і Клятнянскага раёна Арлоўскай вобласці РСФСР.
Створаны ў жніўні 1941 г. Касцюковіцкім райкамам КП(б)Б і палітаддзелам 13‑й арміі з партыйна-савецкага актыву. Восенню большасць партызан атрада выйшла ў савецкі тыл. Група на чале з М. А. Нарчуком, якая засталася на акупіраванай тэрыторыі, папоўнілася за кошт мясцовага насельніцтва і ў маі 1942 г. стала атрадам. У жніўні 1942 г. увайшоў у партызанскую брыгаду «Уперад» Гомельскай вобласці, з канца жніўня 1943 г. дзейнічаў асобна.
Партызаны праводзілі аперацыі на чыгуначным участку Бялынкавічы — Журбін. У маі 1942 г. у Касцюковіцкім раёне разагналі 14 валасных упраў, сарвалі вываз моладзі на катаржныя работы ў Германію. У ліпені — жніўні 1942 г. у Кармянскім раёне, у студзені — сакавіку 1943 г. у Клятнянскім раёне вялі баі за выхад з блакады. У складзе брыгады «Уперад» у жніўні 1943 г. на ўчастку Клімавічы — Камунары ўдзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна».
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 28 верасня 1943 г., на той момант налічваў 107 партызан.
Камандзір атрада М. А. Нарчук; камісары: С. П. Казлоў (загінуў), П. Я. Чарнагузаў; начальнік штаба К. Я. Баброў.