pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД А. Я. ВАСІЛЕЎСКАГА

Дата стварэння: 15.02.2024 14:38:59

Дата змены: 28.05.2025 12:03:58


Партыза́нскі атра́д А. Я. Васіле́ўскага

Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Барысаўскага і Крупскага раёнаў Мінскай вобласці і Бярэзінскага раёна Магілёўскай вобласці.

Створаны 29 чэрвеня 1941 г. як аператыўна-чэкісцкая група капітана А. Я. Васілеўскага з супрацоўнікаў НКДБ (100 чалавек). Група прызначалася для барацьбы з дэсантамі і дыверсійнымі групамі праціўніка.

Баявое хрышчэнне груп А. Я. Васілеўскага атрымала ў пачатку ліпеня, калі абараняла разам з часцямі 20‑га механізаванага корпуса генерал-лейтэнанта А. Р. Нікіціна пераправу праз р. Бярэзіна.

Пасля атрымання загаду аб пераходзе да партызанскай барацьбы А. Я. Васілеўскі з 20 добраахвотнікамі перадыслацыраваўся ў Крупскі раён. Забяспечанасць групы не адпавядала патрабаванням, якія прад’яўляліся да партызанскіх атрадаў. Не ставала ўзбраення, боепрыпасаў, харчавання і адзення (акрамя формы супрацоўнікаў дзяржбяспекі іншага аддзення не было) — усё гэта стварала аб’ектыўныя цяжкасці. Члены групы былі перакананы ў хуткім наступе асноўных сіл Чырвонай арміі, таму афіцэры НКДБ не хаваючыся хадзілі ў форме па беларускіх вёсках і сёлах, вялі прапаганду сярод насельніцтва, заклікалі сялян брацца за зброю і нішчыць ворага.

У верасні 1941 г. трое мясцовых жыхароў, спрабуючы выслужыцца перад «новай уладай», прывялі да партызанскага лагера каля 200 гітлераўцаў. Аднак ахова своечасова заўважыла ворага. А. Я. Васілеўскі з групай чэкістаў вырваўся з акружэння і дабраўся да ўрочышча Пухаўшчына Крупскага раёна, дзе неўзабаве рэшткам атрада давялося з боем прарываць кола карнікаў. Цяжкая хвароба заспела А. Я. Васілеўскага ў в. Козкі Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў лістападзе 1941 г. Сяржант У. Лявошка, які з першых дзён вайны змагаўся поруч з А. Я. Васілеўскім, застаўся са сваім камандзірам, а астатнія прабіраліся ў бок фронту. А. Я. Васілеўскі і У. Лявошка, які быў уражэнцам Віцебскай вобласці і няблага ведаў гэтыя мясціны, збудавалі невялічкую зямлянку ў лесе. Па наводцы здрадніка немцы абкружылі зямлянку і паспрабавалі ўзяць чэкістаў жывымі. Атрымаўшы бязлітасны адпор, гітлераўцы закідалі схованку гранатамі. Целы палеглых у баі чэкістаў засталіся непахаванымі.

Камандзір атрада А. Я. Васілеўскі (загінуў).

У выніку праведзенай работы супрацоўнікамі Мінскага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі ў 1999 г. знойдзены астанкі А. Я. Васілеўскага і У. Лявошкі, выяўлены сапраўдныя абставіны іх гібелі. Іх прах з воінскімі ўшанаваннямі пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска 15 чэрвеня 2000 г. На магіле ўсталяваны помнік.