ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. А. ШЧОРСА, Мінскай і Магілёўскай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. А. ШЧОРСА

Дата стварэння: 19.02.2024 11:05:23

Дата змены: 28.05.2025 12:04:03


Партыза́нская брыга́да імя́ М. А. Шчо́рса

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Барысаўскага, Чэрвеньскага раёнаў Мінскай вобласці, Бярэзінскага раёна Магілёўскай вобласці.

Створана 13 кастрычніка 1942 г. на базе асобных атрадаў: «Бальшавік» (арганізаваны ў красавіку 1942 на базе падпольных груп, якія дзейнічалі з 1941) і «Перамога» (створаны ў верасні 1942). У снежні 1942 г. у склад брыгады ўвайшоў атрад «Камуніст» (створаны ў маі 1942), у лютым 1943 г. — атрад імя К. Я. Варашылава (створаны ў чэрвені 1942). У маі 1943 г. у брыгадзе сфарміраваны атрад імя В. І. Чапаева, у ліпені 1943 г. — імя С. М. Кірава (расфарміраваны ў студзені 1944, асабовы састаў увайшоў у атрад імя В. І. Чапаева), у верасні 1943 г. — імя М. А. Шчорса.

Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на чыгунках і шашэйных дарогах у напрамках Мінск — Крупкі, Мінск — Пухавічы, Мінск — Магілёў.

Партызаны ў лютым — красавіку 1944 г. падарвалі 36 варожых эшалонаў, знішчылі 9 аўтамашын, разбурылі каля 5 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі. Разграмілі ў маі гарнізон у в. Забашавічы Барысаўскага раёна. На ўчастках Мінск — Смалявічы, Прыяміна — Крупкі (чыгуначная лінія Мінск — Орша) 20 чэрвеня падарвалі больш за 950 рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Бальшавік», «Камуніст», «Перамога», імя К. Я. Варашылава, імя В. І. Чапаева, імя М. А. Шчорса, у якіх змагалася 1 885 партызан.

Камандзіры: М. Л. Дзербан, В. К. Дзяруга; камісар М. П. Прусак; начальнікі штаба: В. П. Драздоўскі, А. З. Гаўрусёў, В. I. Бардзін.

У гонар брыгады ў в. Рава́нічы Чэрвеньскага раёна ў 1975 г. пастаўлены помнік.