Партыза́нская брыга́да «По́лымя»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.
Створана ў чэрвені 1943 г. па рашэнні Мінскага падпольнага міжрайкама КП(б)Б на базе атрадаў «Полымя» (арганізаваны ў ліпені 1942) і імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў чэрвені 1943), вылучаных з партызанскай брыгады «За Радзіму» імя А. К. Флегантава. У сфарміраванай брыгадзе 25 чэрвеня 1943 г. былі арганізаваны атрады «Перамога» і «Слава».
Партызаны разам з брыгадамі Мінскай зоны вялі баі па ачышчэнні тэрыторыі Пухавіцкага і сумежных з ім раёнаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, за ўтрыманне партызанскай зоны, у сакавіку і снежні 1943 г. і ў маі 1944 г. прарываліся з блакады. Правялі больш за 140 дыверсій па падрыве варожых эшалонаў на ўчастках Пухавічы — Талька, Рудзенск — Дрычын. У «Рэйкавай вайне» 3 жніўня 1943 г. на ўчастку Пухавічы — Талька і 13 жніўня 1943 г. на ўчастку Седча — Міханавічы падарвалі больш за 1,5 тыс. рэек. Двойчы ўзрывалі ў ліпені 1943 г. чыгуначны мост цераз р. Сіняўка каля в. Блужа, падарвалі ў кастрычніку 1943 г. нафтабазу ў г. п. Мар’іна Горка. Разам з савецкімі войскамі вызвалілі гарадскі пасёлак.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Полымя», «Перамога», «Слава», імя В. І. Чапаева, у якіх змагаліся 634 партызаны.
Камандзір брыгады Я. Ф. Філіпскіх, камісар I. П. Шаршнёў, начальнік штаба М. П. Тарыкаў.
Камандзіру брыгады Я. Ф. Філіпскіх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар брыгады ў Пухавіцкім раёне ў в. Падкоссе ў 1965 г. пастаўлена стэла, у гонар брыгады і Пухавіцкіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ у в. Балачанка ў 1969 г. створаны мемарыяльны комплекс.