Дата стварэння: 15.03.2024 10:43:59
Дата змены: 10.07.2025 14:29:16
Партыза́нская брыга́да 1‑я Бара́навіцкая
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Навагрудскага, Карэліцкага і Любчанскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў лістападзе 1943 г. з атрадаў «Бясстрашны» (арганізаваны ў чэрвені 1942), імя М. В. Фрунзэ (арганізаваны ў маі 1942), «Арол» (арганізаваны ў маі 1943, у лютым 1944 перададзены партызанскай брыгадзе імя С. М. Кірава Баранавіцкай вобласці), імя В. М. Молатава (арганізаваны ў сакавіку 1943). У снежні 1943 г. арганізаваны атрад імя І. В. Сталіна 1‑га складу, які быў перададзены партызанскай брыгадзе Першамайскай і перайменаваны ў атрад імя Я. Коласа, у сакавіку 1944 г. арганізаваны атрад імя І. В. Сталіна 2‑га складу.
Партызаны зрывалі варожыя перавозкі па чыгунцы і шашэйных дарогах. Атрад «Бясстрашны» ў жніўні 1942 г. — жніўні 1943 г. на чыгунцы Полацк — Даўгаўпілс падарваў і пашкодзіў 29 эшалонаў, у студзені 1943 г. удзельнічаў у разгроме апорнага пункта ў в. Слабада, у лютым — сакавіку 1943 г. вёў баі з карнікамі.
Партызаны брыгады 10 сакавіка 1944 г. правялі засадны бой на дарозе Навагрудак — Валеўка. У баі 9 красавіка 1944 г. захапілі 2 кулямёты, 30 вінтовак, боепрыпасы. Брыгада 1–8 ліпеня 1944 г. атакавала нямецкія калоны на дарогах, па якіх адступаў вораг.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 8 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Бясстрашны», імя М. В. Фрунзэ, імя В. М. Молатава, імя І. В. Сталіна, налічвала 458 партызан.
Камандзір брыгады С. Ф. Бубін, камісар М. Ц. Цяцерын, начальнік штаба I. М. Гайко.
У гонар брыгады ў г. п. Карэлічы ў 1965 г. усталявана мемарыяльная дошка. Брыгада ўвекавечана на стэле ў гонар воінаў-вызваліцеляў і партызан, пастаўленай у г. Ліда ў 1965 г., на абеліску ў гонар Лідскага падпольнага міжрайпартцэнтра і партызанскіх брыгад, пастаўленым у в. Бакшты Іўеўскага раёна ў 1969 г., а таксама на помніку ў гонар партызан, пастаўленым у 1979 г. у в. Ярэмічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.