Дата стварэння: 15.03.2024 10:53:02
Дата змены: 21.07.2025 09:03:22
Партыза́нскі атра́д 720‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага, Клічаўскага, Краснапольскага, Чавускага, Прапойскага і Крычаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў кастрычніку 1942 г. у Быхаўскім раёне як асобны атрад на базе групы Ф. С. Тарасевіча і Г. А. Храмовіча, вылучанай атрадам 620‑м (гл. Партызанскі атрад 620‑ы імя В. І. Чапаева), і групы Я. А. Курпачэнкі. У лістападзе 1942 г. уключаны ў склад партызанскай брыгады 4‑й Клічаўскай, 14 красавіка 1943 г. рашэннем Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б вылучаны з брыгады і 20 красавіка ад в. Усакіна Клічаўскага раёна пачаў баявы рэйд, у ходзе якога перадыслацыраваўся ў Чэрыкаўскі раён, куды выйшаў 25 мая. У жніўні 1943 г. уключаны як асобны атрад у склад Чэрыкаўскай ваенна-аператыўнай групы (яе фарміраванне не было завершана да вызвалення раёна).
Партызаны ў жніўні і верасні 1943 г. удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на ўчастку Міхеевічы — Асмолавічы. Самастойна і з іншымі атрадамі разграмілі варожыя апорныя пункты ў вёсках Чудзяны, Ушакі, Вепрын, Бакунавічы Чэрыкаўскага раёна, Дубравіца, Лапатавічы Клімавіцкага раёна, Петухоўка Чавускага раёна. У час наступлення Чырвонай арміі на дарозе Чэрыкаў — Краснаполле падбілі 8 варожых аўтамашын, утрымлівалі пераправу цераз р. Сож.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 1 кастрычніка 1943 г., на той момант у ім налічвалася 297 партызан.
Камандзіры атрада: Ф. С. Тарасевіч, Г. А. Храмовіч, П. У. Жмуроўскі; камісары: Г. А. Храмовіч, М. П. Фёдараў; начальнікі штаба: М. П. Фёдараў, А. М. Віктарэнка, В. П. Тапілін.