Дата стварэння: 18.05.2024 09:45:39
Дата змены: 21.08.2025 09:55:19
Партыза́нская брыга́да 1‑я Ві́цебская 1‑га складу
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Віцебскага, Суражскага, Гарадоцкага і Сіроцінскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў лютым 1943 г. на базе атрада М. Ф. Біруліна (арганізаваны ў лютым 1942), вылучанага з партызанскай брыгады 1‑й Беларускай 1‑га складу; у брыгадзе былі сфарміраваны атрады 1‑ы (былы атрад Р. I. Сысоева, створаны ў верасні 1942), 2‑і, 3‑і і 4‑ы. У маі 1943 г. атрады 3‑і, 5‑ы (былы атрад Ф. А. Місунова, арганізаваны ў снежні 1942) і 6‑ы П. З. Патапенкі (утвораны ў красавіку 1943) вылучаны з брыгады, у кастрычніку 1943 г. на іх базе створана партызанская брыгада 1‑я Biцебская 2‑га складу. У верасні 1943 г. атрад 4‑ы расфарміраваны, асабовы састаў пераведзены ў атрад 2‑і, у кастрычніку 1943 г. сфарміраваны новы атрад 4‑ы.
Партызаны праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага, у лютым — сакавіку, чэрвені 1943 г. вялі цяжкія абарончыя баі супраць карнікаў.
У брыгадзе знаходзілася асноўная база Віцебскага падпольнага райкама ЛКСМБ.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 лістапада і 4 снежня 1943 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і і 4‑ы (2‑га фарміравання), налічвала 247 партызан.
Камандзір брыгады М. Ф. Бірулін; камісары: У. А. Хабараў, В. Р. Кудзінаў; начальнікі штаба: I. А. Крыцкі (загінуў), Л. П. Карнееў.
У гонар брыгады ў Віцебскім раёне ў в. Лужкі ў 1964 г. і ў в. Маркавічы (Марковічы) у 1968 г. былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.