ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. А. ШЧОРСА, Гомельскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. А. ШЧОРСА

Дата стварэння: 18.05.2024 09:52:26

Дата змены: 20.06.2025 09:48:40


Партыза́нская брыга́да імя́ М. А. Шчо́рса

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Уваравіцкага, Буда-Кашалёўскага, Жлобінскага, Рэчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці.

Створана ў верасні 1943 г. на базе атрада імя М. А. Шчорса (арганізаваны на аснове групы А. П. Байкова, накіраванай у жніўні 1942 у варожы тыл), пры перафарміраванні атрада ў брыгаду з яго вылучаны атрады «За Савецкую Беларусь» і імя М. Ф. Гастэлы.

У маі — жніўні 1943 г. партызаны правялі больш за 20 дыверсій на чыгуначных лініях Гомель — Калінкавічы і Гомель — Жлобін. У жніўні і верасні 1943 г. падарвалі больш за 310 рэек, 5 мастоў. Вясной і летам 1943 г. яны разграмілі 7 паліцэйскіх участкаў, 2 валасныя ўправы, больш за 20 складоў, 16 прадпрыемстваў, якія забяспечвалі патрэбы ворага.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 23 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады імя М. А. Шчорса, «За Савецкую Беларусь», імя М. Ф. Гастэлы, у якіх налічвалася 905 партызан.

Камандзір брыгады А. П. Байкоў, камісар В. В. Юдзін, начальнік штаба Р. А. Кавалёў.

У гонар брыгады каля в. Смычок Буда-Кашалёўскага раёна ў 1968 г. пастаўлена стэла.