Дата стварэння: 18.05.2024 09:53:48
Дата змены: 28.05.2025 12:04:03
Партыза́нская брыга́да імя́ Чырванасця́жнага Ле́нінскага камсамо́ла
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Су́ражскага, Гарадоцкага і Мехаўскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў лістападзе 1942 г. на базе вылучанага з партызанскай брыгады 1‑й Беларускай атрада Д. Ф. Райцава, які быў перафарміраваны ў атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і і 4‑ы, і прысланых з савецкага тылу атрадаў імя С. Г. Лазо і «Сібірак». У ліпені 1943 г. арганізаваны атрад 7‑ы. У лютым 1943 г. атрады імя С. Г. Лазо, «Сібірак», у верасні 1943 г. атрады 2‑і і 4‑ы вылучаны з брыгады і перадыслацыраваны ва Ушацкі і Чашніцкі раёны, дзейнічалі самастойна, пазней ўвайшлі ў партызанскую брыгаду імя ВЛКСМ.
Атрад Д. Ф. Райцава ўдзельнічаў у стварэнні і абароне Суражскай партызанскай зоны (гл. Курынскі бой 1942 г.). Партызаны брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола рабілі дыверсіі на ўчастках чыгункі Віцебск — Гарадок і шашы Віцебск — Невель (Расія). У жніўні 1943 г. падарвалі 120 рэек. Вялі баі супраць гітлераўцаў у час карных аперацый (люты — сакавік 1943, чэрвень 1943).
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 лістапада (атрады 1‑ы, 3‑і, штаб брыгады) і 3 снежня (атрад 7‑ы) 1943 г., на той час у ёй змагаліся 363 партызаны.
Камандзір Д. Ф. Райцаў; камісары: В. К. Перуноў, I. I. Карнавухаў (выконваў абавязкі), А. Я. Федарэнка (выконваў абавязкі), В. С. Цыганкоў; начальнікі штаба: І. І. Карнавухаў, Р. Н. Мельянцоў (выконваў абавязкі), М. Я. Паддубны, А. Я. Федарэнка.
Партызану М. Ф. Сільніцкаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар брыгады каля в. Хамякова Віцебскага раёна ў 1972 г. і ў в. Кабі́шча Гарадоцкага раёна у 1975 г. пастаўлены стэлы.