Дата стварэння: 18.05.2024 09:54:52
Дата змены: 28.05.2025 12:04:08
Партыза́нскі атра́д Івано́ва — Я. Р. Наро́енкі
Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Мехаўскага, Гарадоцкага і Су́ражскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Атрад быў арганізаваны ў г. Смаленск у ліпені 1941 г. з партыйных і савецкіх работнікаў Віцебскай вобласці пад камандаваннем начальніка 3‑га аддзела НКУС Віцебскай воблаці. У жніўні быў перапраўлены цераз лінію фронту і прыбыў у Мехаўскі раён Віцебскай вобласці, быў падзелены на 3 узводы. Узвод Плюро (16 чалавек) быў пакінуты ў Мехаўскім раёне. Узвод Іванова быў накіраваны ў Гарадоцкі раён. Узвод Я. Р. Нароенкі (пракурор Брэсцкай вобласці, а потым намеснік пракурора БССР па спецыяльных справах) быў накіраваны ў Су́ражскі раён. Узвод Іванова напаў на Пальмінскую сельскую ўправу і падарваў мост на дарозе Гарадок — Вярэчча.
У сярэдзіне верасня 1941 г. групы Я. Р. Нароенкі і Іванова аб’ядналіся. Атрад быў абкружаны 9 кастрычніка, але прарваў аблогу без вялікіх страт. Дзейнічаў на тэрыторыі Віцебшчыны да канца кастрычніка 1941 г., пасля чаго выйшаў за лінію фронту. У варожым тыле засталіся 8 чалавек.
Камандзір атрада Іваноў, камісар Я. Р. Нароенка.