Дата стварэння: 18.05.2024 09:55:06
Дата змены: 20.06.2025 10:16:29
Партыза́нскі атра́д М. П. Канстанці́нава
Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Грэскага і Любанскага раёнаў Мінскай вобласці, Акцябрскага і Жыткавіцкага раёнаў Палескай вобласці.
Створаны ў ліпені 1941 г. на базе групы партыйна-савецкага актыву Грэскага раёна на чале з загадчыкам ваеннага аддзела Грэскага райкама КП(б)Б У. I. Зайцам і групы ваеннаслужачых на чале з лейтэнантам М. М. Лібянковым, якая вылучылася з партызанскага атрада М. I. Жукоўскага. У верасні 1941 г. у атрад улілася група генерал-маёра М. П. Канстанцінава, якая прыбыла з Заслаўскага раёна Мінскай вобласці.
Атрад спачатку дзейнічаў самастойна. У сакавіку 1942 г. увайшоў у склад партызанскага злучэння Мінскай вобласці, у гэты час атрад разам з іншымі партызанскімі фарміраваннямі ўдзельнічаў у 100‑кіламетровым рэйдзе па тылах нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вёў баі з карнікамі ў Грэскім раёне (1941), разграміў некалькі варожых гарнізонаў, у т. л. удзельнічаў у разгроме гарнізона ў в. Пасталы Жыткавіцкага раёна (2.4.1942), у баі з карнікамі ў Акцябрскім раёне (канец красавіка 1942).
Атрад расфарміраваны ў кастрычніку 1942 г.
Камандзіры: М. М. Лібянкоў, М. П. Канстанцінаў, П. М. Канавалаў, Д. А. Скляр; камісар У. І. Заяц.