Дата стварэння: 18.05.2024 09:55:17
Дата змены: 28.05.2025 12:04:08
Партыза́нскі атра́д Нараўля́нскі
Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Нараўлянскага раёна Палескай вобласці.
Створаны ў жніўні 1941 г. паводле пастановы Палескага падпольнага абкама КП(б)Б ад 23 ліпеня 1941 г. з партыйна-савецкага актыву раёна.
У верасні атрад устанавіў сувязь з Новашапялевіцкім партызанскім атрадам Кіеўскай вобласці і з кіеўскай абласной тройкай для атрымання ўказанняў. Партызаны знішчалі тэлефонна-тэлеграфную сувязь ворага, падрывалі і палілі масты, чынілі дыверсіі, вялі палітычную работу сярод насельніцтва. Колькасны склад атрада на канец кастрычніка 1941 г. — 86 партызан. У пачатку лістапада 1941 г. частка атрада выйшла за лінію фронту, частка перайшла ў падполле.
Паводле справаздачы камісара атрада Г. Р. Чарняўскага другому сакратару ЦК КП(б)Б П. З. Калініну ад 25 лістапада 1941 г., у атрадзе быў правакатар з в. Буда, які выдаў партызанскія базы і частку людзей, якіх ён ведаў. У справаздачы ўказана, што начальнік атрада (так у дакуменце), ён жа кіраўнік райтройкі, намеснік старшыні райвыканкама Усанаў застаўся ў Нараўлянскім раёне.
Камандзір [В.] П. Іўчанка, камісар Г. Р. Чарняўскі.