ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 50-я ЖЫТКАВІЦКАЯ, Палескай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 50‑я ЖЫТКАВІЦКАЯ

Дата стварэння: 31.05.2024 11:02:39

Дата змены: 05.03.2025 09:05:47


Партыза́нская брыга́да 50‑я Жы́ткавіцкая

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Жыткавіцкага, Тураўскага і Лельчыцкага раёнаў Палескай вобласці.

Створана ў верасні 1943 г. пастановай Палескага падпольнага абкама КП(б)‌Б на базе атрадаў «1 Мая» (арганізаваны ў ліпені 1941 з партыйна-савецкага актыву Жыткавіцкага раёна, пад назвай «1 Мая» дзейнічаў з вясны 1943) і 2‑га Жыткавіцкага (арганізаваны ў ліпені 1943, перайменаваны 4 кастрычніка ў 109‑ы). Пазней арганізаваны атрады: 4 кастрычніка 1943 г. — 105‑ы, 30 лістапада 1943 г. — 113‑ы, 10 мая 1944 г. — 117‑ы.

Партызаны знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага на чыгунках, шашэйных і грунтавых дарогах. Асабліва паспяхова дзейнічала дыверсійная група намесніка камісара па камсамоле 105‑га атрада У. С. Бараноўскага (загінуў 28.12.1943 пры выкананні баявога задання). Атрад 109‑ы выйшаў на злучэнне з Чырвонай арміяй 15 студзеня 1944 г., на той момант у ім змагаліся 194 партызаны. У студзені — красавіку 1944 г. партызаны брыгады пусцілі пад адхон больш за 40 эшалонаў, знішчылі 80 аўтамашын, у т. л. у лютым 1944 г. на дарозе Бялёў — Жыткавічы падарвалі 20 аўтамашын з салдатамі і тэхнікай. Толькі ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. падарвалі больш за 730 рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 6 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «1 Мая», 105‑ы, 113‑ы і 117‑ы, у якіх налічвалася 900 партызан.

Камандзір брыгады У. І. Гушчэня; камісары: У. М. Дзербан, I. К. Талкачоў; начальнікі штаба: А. I. Ціхончык, М. С. Палознік, A. А. Асокін.