Дата стварэння: 13.06.2024 09:28:10
Дата змены: 02.06.2025 11:27:55
Партыза́нская гру́па «Захо́днія»
Спецгрупа Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі (НКДБ) БССР.
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Жалудоцкага раёна Баранавіцкай вобласці, Аўгустоўскага, Граеўскага і Дамброўскага раёнаў Беластоцкай вобласці.
Група ў складзе сямі чалавек сфарміравана ў савецкім тыле і 13 кастрычніка 1943 г. перапраўлена за лінію фронту. На шляху да раёна дыслакацыі і ў час баявых дзеянняў папоўнілася мясцовым насельніцтвам. У працэсе разведвальнай работы спецгрупа здабывала каштоўныя звесткі аб воінскіх фарміраваннях праціўніка, аб асобах, якія актыўна супрацоўнічалі з акупантамі.
Падрыўнікі пусцілі пад адхон 12 эшалонаў ворага, знішчылі 2 танкі, 10 аўтамашын, 2 чыгуначныя масты, шлюз на Аўгустоўскім канале, электрастанцыю, перадавалі камандаванню Чырвонай арміі звесткі разведкі. У выніку баёў партызаны забілі і паранілі да 250 гітлераўцаў, ажыццявілі разлажэнне двух гарнізонаў.
Група злучылася з Чырвонай арміяй 21 ліпеня 1944 г., на той момант налічвала 38 чалавек.
Камандзір Ф. С. Пілюгін.