pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 48‑ы ПРАПОЙСКІ

Дата стварэння: 13.06.2024 09:31:56

Дата змены: 05.03.2025 09:12:44


Партыза́нскі атра́д 48‑ы Прапо́йскі

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Быхаўскага, Горацкага, Крычаўскага і Прапойскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Журавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Пачаў стварацца ў маі 1943 г. на базе групы В. Л. Шырко (Шыркова), у жніўні атрад (72 чалавекі) аб’яднаўся з атрадам А. Л. Гаўрыленкі ў партызанскі атрад 48‑ы Крычаўскі. У верасні 1943 г. у час блакады каля 60 партызан на чале з В. Л. Шырко выйшлі ў Прапойскі раён і стварылі партызанскі атрад 48‑ы Прапойскі.

Партызаны праводзілі аперацыі на чыгуначным участку Крычаў — Клімавічы на лініі Крычаў — Унеча (Расія); у ліпені 1943 г. на станцыі Крычаў замініравалі эшалоны з гаручым (згарэлі), на ўчастку Крычаў — Ходасы на лініі Крычаў — Орша пусцілі пад адхон варожы эшалон, у жніўні 1943 г. падарвалі больш за 80 рэек. У жніўні ў Горацкім, у кастрычніку ў Быхаўскім і Прапойскім раёнах вялі баі супраць карнікаў.

Атрад (302 партызаны) злучыўся з Чырвонай арміяй 7 снежня 1943 г.

Камандзір атрада В. Л. Шырко, начальнік штаба В. Г. Ясючэня.