ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД ІМЯ Р. І. КАТОЎСКАГА, Гомельскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД ІМЯ Р. І. КАТОЎСКАГА

Дата стварэння: 13.06.2024 09:33:53

Дата змены: 28.05.2025 12:04:14


Партыза́нскі атра́д імя́ Р. І. Като́ўскага

Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей БССР і Арлоўскай вобласці РСФСР.

Восенню 1941 г. з ваеннаслужачых Чырвонай арміі, што апынуліся на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, утварылася група, якая на агульным сходзе выбрала сваім камандзірам капітана М. П. Каленчанку, а камісарам П. А. Анікіна. У снежні 1941 г. група прарвала акружэнне карнікаў і з боем выйшла ў Рагачоўскі раён, дзе ўстанавіла сувязь з мясцовым насельніцтвам і жыла то ў вёсках, то ў лесе. Група М. П. Каленчанкі аб’ядналася з кавалерыйскай групай старшага лейтананта П. М. Рвачова, які стаў начальнікам штаба. Атрад атрымаў назву імя Р. І. Катоўскага. У склад атрада ўваходзілі эскадроны і ўзводы. Іх узначальвалі старшы лейтэнант Верашчагін, лейтэнант Р. Мартынюк, К. Смірноў. Нейкі час партызанскі атрад ажыццяўляў баявую дзейнасць паблізу шашы Магілёў — Бабруйск. У адным з баёў разбіў 14 нямецкіх аўтамашын і знішчыў 49 фашыстаў.

Да атрада капітана М. П. Каленчанкі, які збіраўся перамяшчацца за лінію фронта, 2 ліпеня 1942 г. далучылася партызанская група, сфарміраваная з 46 жыхароў Ніжнетошчыцкага сельсавета Быхаўскага раёна. Партызанскую групу арганізавалі мясцовыя партыйна-савецкія актывісты В. Ц. Гадунцоў, М. Л. Максімаў, [І. К.] Казлоў. У 2‑й палове ліпеня 1942 г. партызаны зняліся са сваіх баз і пачалі перамяшчацца на ўсход да Клятнянскіх лясоў (Клятнянскі раён у Арлоўскай, цяпер у Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі). На сваім шляху партызаны захапілі склад з кавалерыйскім абмундзіраваннем і зброяй. Кавалерысты сталі асноўнай сілай атрада. Пры пераездзе праз чыгунку Магілёў — Жлобін, якая моцна ахоўвалася, коннікі атрада днём раптоўна наляцелі на станцыю Тошчыца і задушылі супраціўленне немцаў. Партызаны знішчылі станцыйнае абсталяванне і 2 таварныя эшалоны з ваеннай маёмасцю. Ноччу на 27 ліпеня 1942 г. недалёка ад Быхава партызаны захапілі паром і пад агнём нямецкіх гармат і мінамётаў фарсіравалі р. Дняпро. Пасля такіх актыўных баявых дзеянняў атрада імя Р. І Катоўскага нямецкае камандаванне ўзмацніла ахову гарнізонаў, важных дарог і пачало пераслед партызан. Аднак атрад, удала манеўруючы, пазбягаў буйных сутычак і рушыў наперад.

Фарсіраванне р. Сож адбывалася на поўнач ад раённага цэнтра Карма Гомельскай вобласці ва ўмовах жорсткіх баёў з пераўзыходзячымі нямецкімі сіламі як на правым, так і на левам беразе ракі. Пры недахопе сродкаў для пераправы падчас фарсіравання р. Сож партызанскі атрад панёс значныя страты, загінуў камісар П. А. Анікін. У вырашальны момант бою на левым беразе Сожа партызанская група аўтаматчыкаў на чале з П. М. Рвачовым пранікла ў тыл агнявых пунктаў немцаў і закідала іх гранатамі. Гэта дазволіла асноўным сілам атрада прарвацца ў лес. Перамяшчаючыся на ўсход, партызаны нападалі на паліцэйскія гарнізоны. На чыгуначным пераездзе Бялынкавічы — Сура́ж пусцілі пад адхон цягнік з жывой сілай і тэхнікай праціўніка.

У сярэдзіне жніўня 1942 г. атрад імя Р. І. Катоўскага пад камандаваннем М. П. Каленчанкі прыбыў у Клятнянскія лясы і абсталяваў свой лагер побач з Мглінскім атрадам. У жніўні 1942 г. Ваенным саветам Заходняга фронту для каардынацыі дзейнасці і кіраўніцтва партызанскімі фарміраваннямі ў Клятнянскіх лясах быў створаны Клятнянскі аператыўны цэнтр. Ён быў падпарадкаваны і штабу партызанскага руху Заходняга фронту. У склад Клятнянскага аператыўнага цэнтра ўваходзілі 18 партызанскіх атрадаў. Сярод іх быў беларускі атрад імя Р. І. Катоўскага, які ў пачатку кастрычніка 1942 г. удзельнічаў у баявой аперацыі супраць камунікацый вакол Сешчынскага аэрадрома, а 26 кастрычніка 1942 г. у нападзе на гаспадаркі ў Грамыках і Жытне.

У выніку праведзеных арганізацыйных мерапрыемстваў у лістападзе 1942 г. атрад імя Р. І. Катоўскага ўвайшоў у склад 4‑й Клятнянскай партызанскай брыгады. Першую баявую аперацыю ва ўзаемадзеянні з іншымі падраздзяленнямі брыгады атрад імя Р. І. Катоўскага правёў у ноч на 30 лістапада 1942 г., калі ўдзельнічаў у аперацыі па разгроме станцыі Жудзілава на лініі чыгункі Бранск — Унеча.

У канцы снежня 1942 г. 4‑я Клятнянская брыгада ўступіла ў бой з карнікамі. Партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага 6 разоў адбіваў атакі фашысцкіх лыжнікаў на пас. Харнаўка. Апошні бой цягнуўся з раніцы да вечара. У гэтым баі гітлераўцы страцілі больш за 100 ваеннаслужачых. Толькі вялікая перавага ў сіле дазволіла карнікам адцясніць атрад. Паўднёвая групіроўка партызанскіх атрадаў была поўнасцю блакіравана карнікамі 18 студзеня 1943 г. У такой сітуацыі атрад спешыўся і, стаўшы на лыжы, манеўраваў у ваколіцах населеных пунктаў Мамаеўка і Орменка.

У сакавіку — красавіку 1943 г. праводзіў дыверсіі на чыгуначных камунікацыях. У гэты час атрад яшчэ ўваходзіў у склад брыгады, але дзейнічаў у асноўным самастойна. Вясной 1943 г. Заходні штаб партызанскага руху санкцыянаваў выдзяленне ў самастойную баявую адзінку атрада імя Р. І. Катоўскага. Загадам па 4‑й Клятнянскай партызанскай брыгадзе ад 21 мая 1943 г. атрад імя Р. І. Катоўскага (камандзір — капітан М. П. Каленчанка, камісар Дзмітрыеў) быў выдзелены, пазней на яго базе была ўтворана кавалерыйская партызанская брыгада.

Падчас Курскай бітвы 1943 г. брыгада імя Р. І. Катоўскага ўдзельнічала ў «Рэйкавай вайне». Са жніўня 1943 г. на лініі Крычаў — Унеча партызаны падарвалі 420 рэек. У верасні 1943 г. брыгада дзейнічала ў трохкутніку Расуха — Унеча — Сура́ж. Падрыўнікі атрада Рыгор Сенячкін, Міхаіл Гур’янаў, Іван Пацёмкін падарвалі 8 воінскіх эшалонаў і арганізавалі праз сваіх агентаў падрывы магнітнымі мінамі цыстэрн з палівам. На момант вызвалення Браншчыны ад нямецкіх войскаў брыгада налічвала больш за 1 000 партызан. У канцы верасня 1943 г. брыгада імя Р. І. Катоўскага злучылася з часцямі 2‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса генерал-маёра У. В. Крукава і ўдзельнічала ў яго складзе ў баях на савецка-германскім фронце.

Камандзір атрада М. П. Каленчанка; камісары: П. А. Анікін, Коласаў, Дзмітрыеў; начальнік штаба П. М. Рвачоў.