Дата стварэння: 04.07.2024 09:47:28
Дата змены: 11.09.2024 14:52:01
Партыза́нская брыга́да імя́ К. Я. Варашы́лава
Да студзеня 1944 г. называлася «Мсцівец».
Дзейнічала на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ветрынскага, Полацкага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці і Пліскага раёна Вілейскай вобласці.
Створана ў снежні 1942 г. на базе асобных атрадаў «Мсцівец» (прыбыў з савецкага тылу ў ліпені 1942) і «Смерць фашызму» (арганізаваны ў верасні 1942). У 1943 г. у брыгадзе арганізаваны атрады: у лютым — «За Радзіму», у маі — «КІМ», у чэрвені — «Бальшавік», у кастрычніку — імя М. Ф. Гастэлы.
Партызаны наносілі ўдары на чыгунцы Полацк — Маладзечна, на шашэйных і грунтавых дарогах. Вялі баі за ўтрыманне раёна дыслакацыі, у т. л. за вёскі Гуры (жнівень 1943), Мураўі (люты 1944) і Гомель (красавік 1944) Ветрынскага раёна. У студзені 1943 г. падарвалі чыгуначны мост каля в. Антонавічы на перагоне Арэхаўна — Ветрына. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Крынкі Полацкага раёна (верасень 1943) і Вераб’і Ветрынскага раёна (красавік 1944), напалі на гарнізоны ў вёсках Багушэва і Антонавічы Ветрынскага раёна. У пачатку жніўня 1943 г. на чыгуначным участку Ветрына — Празарокі падарвалі больш за 800 рэек. У час Лепельскай аперацыі 1943 г. прыкрывалі ўдарную групоўку партызанскіх брыгад з боку Полацка і Ветрына. У красавіку — маі 1944 г. удзельнічалі ў баях супраць карнай экспедыцыі, у т. л. за вёскі Угрынкі і Забораўна Ушацкага раёна. У ноч на 5 мая 1944 г. прарвалі блакаду на рубяжы вёсак Матырына — Беразінец Ушацкага раёна. У чэрвені 1944 у баі ў в. Шоша Пліскага pаёна знішчылі 6 варожых аўтамашын. Разам з воінамі Чырвонай арміі ўдзельнічалі ў вызваленні в. Лужкі Пліскага раёна.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Мсцівец», «За Радзіму», «Смерць фашызму», «КІМ», «Бальшавік», імя М. Ф. Гастэлы, у якіх налічвалася 746 партызан.
Камандзір брыгады Д. В. Цябут; камісар У. А. Лемза; начальнікі штаба: Я. С. Шапавал, А. А. Кухта.
Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад.
Каля в. Пуканаўка‑2 Полацкага pаёна ў 1963 г. у гонар брыгады ўстаноўлены памятны знак, у в. Гомель (цяпер аграгарадок) Полацкага раёна ў 1965 г. і ў в. Угрынкі Ушацкага раёна ў 1976 г. былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у 1977 г. каля в. Гомель Полацкага раёна ў 1965 г. узведзены мемарыяльны комплекс.