Дата стварэння: 04.07.2024 09:54:59
Дата змены: 11.09.2024 14:59:46
Партыза́нская брыга́да імя́ М. I. Куту́зава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Крывіцкага раёна Вілейскай вобласці.
Створана ў жніўні 1943 г. на базе атрадаў П. Ф. Рудава (потым 1‑ы, арганізаваны ў сакавіку 1943 на базе групы П. Ф. Рудава), А. I. Шаўчэнкі (потым 6‑ы, арганізаваны ў сакавіку 1943 на базе групы А. І. Шаўчэнкі) і Д. Л. Місунова (потым 3‑і, арганізаваны ў жніўні 1943 на базе групы партызан на чале з Д. Л. Місуновым, вылучанай партызанскай брыгадай Лепельскай імя І. В. Сталіна). У красавіку 1944 г. сфарміраваны атрад 8‑ы.
Партызаны рабілі дыверсіі на чыгунках і шашэйных дарогах, некалькі разоў выводзілі са строю дарогу Сакавічы — Горна — Ізбішча. У верасні 1943 г. вялі 3‑дзённы бой каля в. Мацеева Крывіцкага раёна. У кастрычніку — лістападзе 1943 г. на чыгуначным участку Зябкі — Падсвілле падарвалі 3 масты. У маі 1944 г. разграмілі гарнізон у в. Даўгінава. У чэрвені 1944 г. падарвалі больш за 950 рэек. Летам 1944 г. вялі жорсткія баі з карнікамі, прарвалі варожую блакаду. Да прыходу Чырвонай арміі занялі вёскі Даўгінава і Крывічы.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 3‑i, 6‑ы, 8‑ы, у якіх налічвалася 400 партызан.
Камандзір брыгады Д. Л. Місуноў; камісары: П. Ф. Рудаў, В. I. Бурачэўскі; начальнікі штаба: Ц. М. Бондараў, М. X. Красненкаў (загінуў), Я. Е. Малюшкін.