Дата стварэння: 04.07.2024 10:07:58
Дата змены: 05.03.2025 09:10:09
Партыза́нскі атра́д 48‑ы Кры́чаўскі
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Быхаўскага, Крычаўскага, Прапойскага і Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
У лютым 1943 г. створана партызанская група А. Л. Гаўрыленкі, якая ў чэрвені аформлена ў атрад (78 чалавек); у жніўні аб’яднаны з атрадам В. Л. Шырко (Шыркова; 72 чалавекі) у атрад 48‑ы з дыслакацыяй у Крычаўскім раёне. У верасні 1943 г. атрад раздзяліўся на партызанскі атрад 48‑ы Прапойскі і атрад 48‑ы Крычаўскі.
Партызаны ўдзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначных лініях Магілёў — Крычаў (участак Крычаў — Клімавічы) і Крычаў — Унеча (Расія): зрывалі варожыя перавозкі, падарвалі 12 эшалонаў. У верасні 1943 г. каля г. Чэрыкаў разграмілі варожы гарнізон, які ахоўваў мост цераз р. Вудага на дарозе Чэрыкаў — Крычаў, падарвалі мост і дзот. У кастрычніку 1943 г. разам з іншымі атрадамі вялі цяжкія абарончыя баі.
Атрад (204 чалавекі) злучыўся з Чырвонай арміяй 25 лістапада 1943 г.
Камандзір атрада А. Л. Гаўрыленка, камісар С. С. Давыдзенка, начальнік штаба Д. Я. Грыгор’еў.