Партыза́нская брыга́да 1‑я Ві́цебская 2‑га складу
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бешанковіцкага і Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці і Смаргонскага раёна Вілейскай вобласці.
Створана ў кастрычніку 1943 г. на базе атрадаў 3‑га, 5‑га і 6‑га П. З. Патапенкі, вылучаных у маі 1943 г. з партызанскай брыгады 1‑й Віцебскай 1‑га складу; у канцы кастрычніка 1943 г. атрад 3‑і перайменаваны ў 4‑ы, атрад 6‑ы быў расфарміраваны і на яго базе арганізаваны атрады 1‑ы, 2‑і і 3‑і. У сакавіку 1944 г. арганізаваны новы атрад 6‑ы (2‑га складу).
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Маладзечна — Вільнюс, Маладзечна — Полацк. Наносілі ўдары па гарнізонах і апорных пунктах праціўніка, у т. л. у кастрычніку 1943 г. у в. Дуброва Чашніцкага раёна, у сакавіку 1944 г. у в. Прыветак Сенненскага раёна.
У маі 1944 г. брыгада перадыслацыравалася ў Смаргонскі раён. У чэрвені 1944 г. у час наступальных баёў Чырвонай арміі партызаны падарвалі больш за 600 рэек на ўчастку Солы — Смаргонь, некалькі мастоў на аўтамабільных дарогах, разграмілі варожы гарнізон у в. Гервяты Астравецкага раёна.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 27 чэрвеня (атрады 3‑і і 5‑ы) і 2 ліпеня (атрады 1‑ы, 2‑і, 4‑ы, 6‑ы 2‑га складу і штаб брыгады) 1944 г., на той момант у ёй змагаліся 574 партызаны.
Камандзір брыгады П. З. Патапенка, камісар В. М. Казлоўскі, начальнік штаба I. А. Цімошчанка.
У гонар брыгады каля в. Доўгае Бешанковіцкага раёна ў 1975 г. пастаўлена стэла.