pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД І. М. КУЗІНА

Дата стварэння: 22.10.2024 14:46:01

Дата змены: 28.05.2025 12:04:14


Партыза́нскі атра́д І. М. Ку́зіна

Спецатрад «Перамога» НКУС СССР.

Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Бягомльскага раёна Мінскай вобласці.

Сфарміраваны ў студзені 1942 г. у савецкім тыле як дыверсійны, на лыжах перайшоў лінію фронту.

У тыле ворага колькасна вырас да 80 чалавек. Дапамог аформіцца атраду С. В. Верхаводкі і аднавіцца атраду Р. А. Дзякава. Праз радыёстанцыю чэкістаў партызаны мелі сувязь з Вялікай зямлёй. Атрад І. М. Кузіна значна актывізаваў баявую дзейнасць партызан. Пры яго непасрэдным удзеле мясцовыя групы і атрады ў сакавіку — ліпені 1942 г. падарвалі 30 эшалонаў (па іншых звестках — 48), разбілі 16 валасных упраў, знішчылі 250 акупантаў. Пасля разгрому гарнізона у в. Домжарыцы, а таксама знішчэння моста цераз р. Бузянка гітлераўцы былі вымушаны спыніць функцыянаванне сваіх апорных пунктаў у шматлікіх вёсках Бягомльскага раёна. У ліпені 1942 г. для барацьбы з карнай аперацыяй на тэрыторыі Лепельскага і Бягомльскага раёнаў па ініцыятыве І. М. Кузіна было створана часовае партызанскае злучэнне, у склад якога ўвайшло 6 мясцовых атрадаў, чэкісцкія і армейскія падраздзяленні (камандзір К. В. Сідзякін). Злучэнне з баямі перамясцілася да лініі фронту і 16 жніўня 1942 г. цераз Віцебскія «вароты» выйшла ў савецкі тыл. Разам са спецыяльнымі падраздзяленнямі выйшлі ў савецкі тыл беларускія атрады пад камандаваннем М. Х. Балана, А. І. Дрантусава, М. Ф. Калуцкага, У. А. Чэрмянёва агульнай колькасцю 294 партызаны.

Паводле ацэнкі сакратара Мінскага абкама КП(б)‌Б І. Ф. Клімава і намесніка начальніка Паўночна-Заходняй аператыўнай групы ЦК КП(б)‌Б А. С. Шаўрова камандзір чэкісцкага атрада лейтэнант І. М. Кузін дапусціў грубую памылку, калі рашыў вывесці з глыбокага нямецкага тылу пяць беларускіх партызанскіх атрадаў.

Камандзір I. М. Кузін.