Дата стварэння: 05.12.2024 10:43:11
Дата змены: 27.12.2024 11:41:10
Ку́рынскі бой 1942 г.
Бой партызан атрада Д. Ф. Райцава [гл. у артыкуле Партызанская брыгада 1‑я Беларуская (2‑га складу)] пры садзейнічанні атрада А. П. Дзіка (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола) супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны ў раёне вёсак Курына, Платы (не існуе) і рабочага пасёлка (цяпер вёска) Ноўка Суражскага раёна Віцебскай вобласці 28 сакавіка 1942 г.
Партызаны М. Ф. Сільніцкі і М. I. Купчанка 27 сакавіка разграмілі групу гітлераўцаў, якія рабавалі насельніцтва ў в. Вусава. На наступны дзень супраць партызан накіраваўся атрад колькасцю да 350 карнікаў, узброеных гарматай і мінамётамі.
Партызаны зрабілі засады ў вёсках Курына і Платы, каб не дапусціць карнікаў у пас. Ноўка і знішчыць іх. У выніку бою, які працягваўся 8 гадзін, 115 карнікаў было забіта і 169 паранена, знішчана 68 падвод і гармата. Праціўнік атрымаў падмацаванне з 200 салдат і афіцэраў, і партызаны вымушаны былі адысці. У час бою загінулі камсамольцы I. С. Лапікаў і М. Ф. Сільніцкі, які знішчыў 50 гітлераўцаў. М. Ф. Сільніцкаму 15 мая 1942 г. пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
На магілах І. С. Лапікава і М. Ф. Сільніцкага ў в. Курына ў 1957 г. і 1966 г. пастаўлены абеліскі.