БЕЛАРУСКАЕ НАВУКОВАЕ ТАВАРЫСТВА, у Вялікую Айчынную вайну
pdf

БЕЛАРУСКАЕ НАВУКОВАЕ ТАВАРЫСТВА

Дата стварэння: 05.05.2023 11:11:10

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58


Белару́скае навуко́вае тавары́ства, БНТ

Прагерманская навуковая арганізацыя, якая існавала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску з чэрвеня 1942 г. да канца 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Створана нямецка-фашысцкімі акупацыйнымі ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў.

«Ганаровым прэзідэнтам» таварыства стаў генеральны камісар Беларусі В. Кубэ. У склад прэзідыума ўваходзілі кіраўнік Беларускай народнай самапомачы ўрач I. Ермачэнка (старшыня), бургамістр Мінска доктар тэхнічных навук В. Іваноўскі, Ф. Юрда (намеснікі), [Г.] Касяк (вучоны сакратар), члены таварыства А. Адамовіч, П. Свірыд і інш.

БНТ мела на мэце сабраць усе навуковыя кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў.

БНТ і нямецкія ўлады, якія стаялі за ім, цікавілі магчымасці пашырэння пасяўных плошчаў бульбы, развіцця кармавой базы сельскай гаспадаркі, даследаванне і выкарыстанне запасаў торфу, водных рэсурсаў рэк Нёман, Заходняя Дзвіна, якія нямецка-фашысцкія акупанты мелі намер выкарыстаць у сваіх інтарэсах. Пры гэтым створаныя членамі БНТ навуковыя працы патрэбна было перакласці на нямецкую мову. Быў абвешчаны «конкурс на атрыманне прэміі рэйхскамісара Остланда за найлепшую навуковую работу». Аднак на працягу года кіраўнікі БНТ нічога не змаглі зрабіць. Беларускія вучоныя байкатавалі дзейнасць таварыства.

У чэрвені 1943 г. зноў было абвешчана аб адкрыцці БНТ. Яго прэзідэнтам стаў В. Іваноўскі. Усе члены таварыства назначаліся ці зацвярджаліся В. Кубэ. Пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход таварыства некаторых навуковых работнікаў, якіх ім удалося адшукаць у Мінску. У сваіх выступленнях кіраўнік 1‑га аддзела Генеральнага камісарыята Беларусі Баўэр і прэзідэнт БНТ В. Іваноўскі патрабавалі ад беларускіх вучоных распрацоўваць навуковыя тэмы зыходзячы з задач ваеннага часу.

БНТ перастала існаваць у канцы 1943 г. у выніку байкоту і ўпартага супраціўлення вучоных. В. Іваноўскі быў забіты ў снежні 1943 г. партызанамі.

Арганізоўваючы падобныя таварыствы, акупанты і іх памагатыя ставілі сабе за мэту стварыць бачнасць нацыянальнай самадзейнасці беларускага народа, выкарыстаць яго творчую інтэлігенцыю ў інтарэсах насаджэння «новага парадку», наблізіць да сваёй палітыкі навукоўцаў і тым самым скампраметаваць іх перад савецкай уладай.