Дата стварэння: 05.05.2023 12:08:50
Дата змены: 03.06.2025 11:28:59
Про́шкаўскае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле
Дзейнічала ў в. Прошкі Асвейскага pаёна Віцебскай вобласці і шэрагу іншых населеных пунктаў (у т. л. у суседніх мясцовасцях Латвійскай ССР і РСФСР) са жніўня 1941 г. да кастрычніка 1942 г. у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Да кастрычніка 1941 г. і з канца чэрвеня 1942 г. дзейнасць падполля накіроўваў Асвейскі падпольны райкам КП(б)Б, з ліпеня 1942 г. — таксама Асвейскі падпольны райкам ЛКСМБ.
Створана па ініцыятыве камуніста Р. С. Лукашонка.
Аб’ядноўвала каля 30 чалавек. Кіраўнікі: В. I. Лукашонак, з мая 1942 г. Я. У. Фралёнак (Громава). Мела групы ў в. Забор’е Рэзэкнэнскага павета Латвійскай ССР (кіраўнік А. М. Гром), у вёсках Рылькі (П. С. Смычкоў), Ляхава Себежскага раёна Калінінскай вобласці РСФСР, Сукалі, Востраў, а таксама падпольнае піянерскае звяно ў в. Стралкі Асвейскага pаёна.
Трымала сувязь з падпольшчыкамі Расонскага раёна, г. п. Асвея, з партызанскімі атрадамі, потым партызанскай брыгадай Асвейскай імя М. В. Фрунзэ. Аб’ядноўвала беларусаў, рускіх, латышоў.
Падпольшчыкі вялі палітычную агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, мелі 2 склады-тайнікі, вучылі моладзь ваеннай справе, падбіралі людзей у партызанскія атрады, памагалі савецкім воінам, якія ўцяклі з фашысцкага палону, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па нарыхтоўцы збожжа і жывёлы, вялі разведку. Рабілі дыверсіі: падарвалі 3 аўтамашыны з амуніцыяй на чыгунцы Рэзэкнэ — Себеж, паравоз і 6 вагонаў, разграмілі валасныя ўправы ў вёсках Ляхава Себежскага і Ігналіна Асвейскага раёнаў, разам з партызанамі разбілі нямецкі гарнізон у мястэчку Шкяўнэ Краслаўскага pаёна Латвійскай ССР.
У Прошкаўскім падполлі пачаў баявую дзейнасць Герой Савецкага Саюза латыш I. Я. Судмаліс (схоплены і загублены гітлераўцамі ў 1944).
Вясной 1942 г. пайшлі ў партызаны 18 падпольшчыкаў на чале з В. І. Лукашонкам і Р. С. Лукашонкам (загінуў у баі), да восені — усе члены арганізацыі.
У гонар прошкаўскіх падпольшчыкаў пастаўлена стэла-зорка, знаходзіцца за 8 км на поўнач ад в. Прошкі на беларускім баку мемарыяльнага комплексу «Курган Дружбы», які ўзведзены на стыку межаў Беларусі, Латвіі і Расіі. Дзейнасці падпольшчыкаў прысвечаны матэрыялы размешчанага там Музея партызанскай славы.