ПІХТА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя
pdf

ПІХТА

Дата стварэння: 09.06.2025 11:14:23

Дата змены: 22.10.2025 09:46:34


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal

Клас

Хвойныя

Pinopsida Burnett

Сямейства

Хваёвыя

Pinaceae Spreng. ex F. Rudolphi

Род

Піхта

Abies Mill.

ПІХТА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Парастак са спелымі жаночымі шышкамі піхты карэйскай (фота: М. А. Джус).

ПІХТА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Насенныя лускавінкі піхты белай (фота: А. М. Мялік).

ПІХТА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Ствол піхты белай (фота: А. М. Мялік).

Пі́хта (Abies Mill.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя.

Налічвае каля 50 відаў, распаўсюджаных пераважна ў халодных і ўмераных шыротах Паўночнага паўшар’я, галоўным чынам у гарах. Цэнтры відавой разнастайнасці — Усходнія Гімалаі, заходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі і Японія. Найважнейшая лесаўтваральная парода.

У Беларусі адзначаны адзін дзікарослы від — піхта белая, або еўрапейская [Abies alba Mill.], вельмі рэдкі, ахоўны рэліктавы від, які расце ў ізаляваным лакалітэце ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» на паўночна-ўсходняй мяжы арэала. Уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Вырошчваецца ў лясных культурах. Інтрадукавана каля 20 відаў. Найбольш часта, акрамя дзікарослага віду, культывуюць піхту аднаколерную, або каліфарнійскую [Abies concolor (Gordon et Glend.) Lindl. ex Hildebr.], піхту бальзамічную [Abies balsamea (L.) Mill.], піхту Нордмана, або каўказскую [Abies nordmanniana (Steven) Spach], піхту карэйскую [Abies koreana E. H. Wilson], піхту сібірскую (Abies sibirica Ledeb.), піхту Віча (Abies veitchii Lindl.) і піхту белакорую [Abies nephrolepis (Trautv.) Maxim.].

Вечназялёныя аднадомныя хвойныя дрэвы вышынёй да 30–60 (85) м і дыяметрам ствала 0,5–2 (2,5) м. Жывуць 150–400 гадоў, у аптымальных умовах — да 500–900 гадоў. У Беларусі найбольш старыя дрэвы піхты белай маюць узрост каля 170 гадоў.

Каранёвая сістэма добра развітая, з выразным галоўным коранем. Ствол прамы, поўнадраўняны. Кара шэрая, гладкая або з трэшчынамі, часта са смалянымі «пухірамі». Драўніна белая, лёгкая, мяккая, няўстойлівая да гніення. Крона густая, конусападобная, нізкая. Парасткі падоўжаныя, гладкія або баразнаватыя. Лісце адзінкавае, 1–5 (8) см даўжынёй, спіральна размешчанае, але часта адна- або двухраднае, лінейна-ланцэтнае, даволі мяккае, на верхавінцы вострае, акруглае або злёгку выемчатае, пляскатае, часта з ніжняга боку з дзвюма прыкметнымі белаватымі вусцейкавымі лініямі, размешчана на дыскападобна пашыраных ліставых падушачках, не ападае 5 і больш гадоў. Размяшчэнне, форма і будова ценявых і светлавых лістоў (на генератыўных парастках) часта адрозніваюцца. Пыленне ў маі — чэрвені. Мужчынскія шышкі 1–3 см даўжынёй, шарападобныя або прадаўгаватыя, чырванаватыя, зеленаватыя, фіялетавыя або жаўтлявыя. Жаночыя шышкі адзінкавыя, часта смалістыя, да 20 см даўжынёй, верацёнападобныя або яйцападобныя, прамастаячыя, пры выспяванні бурыя або бура-фіялетавыя, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання распадаюцца (на парастках застаецца толькі стрыжань шышкі). Насенне з крылом.

Патрабавальная да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, ценевынослівая, умерана марозаўстойлівая. Большасць відаў дрэнна пераносіць гарадскія ўмовы.

Драўніна выкарыстоўваецца ў будаўніцтве (звычайна для закрытых памяшканняў), цэлюлозна-папяровай прамысловасці, для вырабу музычных інструментаў, мэблі. Дае піхтавы бальзам, шкіпінар, каніфоль, дубільныя рэчывы, якія знаходзяць прымяненне ў медыцыне, парфумерыі, мікраскапіраванні. У прамысловым маштабе з ігліцы і маладых галінак піхты атрымліваюць піхтавы алей. Каштоўныя дэкаратыўныя расліны, прымяняюцца ў азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, а таксама ў якасці калядных і навагодніх дрэў.