ГОЛАНАСЕННЫЯ, аддзел царства Расліны
pdf

ГОЛАНАСЕННЫЯ

Дата стварэння: 14.10.2025 15:23:49

Дата змены: 22.10.2025 09:46:34


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal

ГОЛАНАСЕННЫЯ, аддзел царства Расліны

Мужчынскія і жаночыя шышкі елкі звычайнай (фота: М. А. Джус).

ГОЛАНАСЕННЫЯ, аддзел царства Расліны

Спелая жаночая шышка хвоі Веймутава (фота: М. А. Джус).

ГОЛАНАСЕННЫЯ, аддзел царства Расліны

Шышкаягады ядлоўцу звычайнага (фота: М. А. Джус).

Голанасе́нныя (Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal), аддзел царства Раслін.

Іншая назва: Хваёвападобныя (Gymnospermae)

Сучасных прадстаўнікоў адносяць да 4 класаў, 13–17 сямействаў, прыкладна 85 родаў і 1040–1120 відаў, шырока распаўсюджаных у халодных, умераных, субтрапічных і трапічных рэгіёнах абодвух паўшар’яў.

У Беларусі 4 дзікарослыя віды, якія адносяцца да родаў хвоя (Pinus L.), піхта (Abies Mill.), елка (Picea A. Dietr.), ядловец (Juniperus L.).

Пераважна вечназялёныя дрэвы (часам вельмі буйныя), радзей — кусты або дравяністыя ліяны. Аўтатрофныя, вельмі рэдка — паразітныя расліны. Сцябло галінаванае, радзей — негалінаванае. Водаправодныя элементы ксілемы прадстаўлены ў асноўным трахеідамі [толькі ў прадстаўнікоў класа Абалонканасенныя (Gnetopsida Thom) ёсць сасуды асаблівага тыпу], сітападобныя элементы флаэмы без клетак-спадарожніц. У больш прымітыўных груп сцябло мае развіты стрыжань і кару, у другаснай драўніне змяшчаецца шмат парэнхімы. Для многіх прадстаўнікоў характэрна наяўнасць у драўніне смаляных хадоў. Парасткі ці толькі падоўжаныя, ці могуць быць пакарочаныя і падоўжаныя. Каранёвая сістэма пераважна стрыжнёвага тыпу. Амаль усе віды з’яўляюцца мікатрофнымі. Лісце разнастайнае па форме і памеры. У найбольш прымітыўных яно буйное, моцна раздзеленае, пальмападобнае. У большасці сучасных формаў лісце простае, іголкападобнае або лускападобнае, радзей лінейнае або плоскае, размешчана спіральна, процілегла або ў кальчаках, захоўваецца на парастках некалькі гадоў або штогод асыпаецца. Для некаторых відаў характэрна гетэрафілія, а таксама змена ювенільнага лісця дарослым. Лісце з адным ці некалькімі праводнымі пучкамі.

Разнаспоравыя расліны. Спараносныя органы ў сучасных прадстаўнікоў аднаполыя, мужчынскія і жаночыя, звычайна сабраны ў шышкападобныя зборы (мікра- і мегастробілы). Расліны двухдомныя або радзей — аднадомныя. Мужчынскія шышкі (мікрастробілы) верхавінкавыя або пазушныя, акруглыя або даўгаватыя, часам падобныя на каташкі, адзінкавыя або ў групах, часцей простыя, г. зн. складаюцца з восі і размешчаных на ёй мікраспарафілаў з мікраспарангіямі. Мужчынскія гаметафіты (пылковае зерне) моцна рэдукаваныя, мікраскапічныя, утвараюцца ў мікраспарангіях у выніку некалькіх дзяленняў пры прарастанні мікраспор, не маюць антэрыдыяў. Развіццё мужчынскіх гаметафітаў адбываецца эндаспарычна, інакш — унутры абалонкі мікраспоры. Мужчынскія гаметы ў большасці — нерухомыя сперміі, у больш прымітыўных груп [Сагаўнікавыя (Cycadopsida Brongn.), Гінкгавыя (Ginkgoopsida Engl.)] — рухомыя шматжгуцікавыя сперматазоіды. Апладненне ў выглядзе сіфанагаміі, нярэдка адбываецца значна пазней за апыленне. Пылковае зерне з паветранымі мяшочкамі або без іх. Расліны часцей ветраапыляльныя. Пасля апылення мужчынскія шышкі звычайна засыхаюць і ападаюць цалкам. Жаночыя шышкі (мегастробілы) простыя або складаныя (канстробілы), верхавінкавыя або пазушныя, акруглыя або даўгаватыя, звычайна большыя за мужчынскія, бываюць моцна рэдукаваныя — у выглядзе адзінкавых ці некалькіх семязавязей. Простыя шышкі складаюцца са стрыжня з размешчанымі на ім мегаспарафіламі, складаныя — са стрыжня з размешчанымі на ім покрыўнымі лускавінкамі, у пазусе якіх знаходзяцца пляскатыя насенныя лускавінкі (моцна відазмененыя элементарныя стробілы). У аснове мегаспарафілаў або насенных лускавінак адкрыта размяшчаюцца ад 1–2 да шматлікіх семязавязей (семязачаткаў). Семязавязь з’яўляецца відазмененым мегаспарангіем (нуцэлус, або ядро семязавязі) з покрывамі (інтэгументамі), свабоднымі або зрослымі больш-менш шчыльна адзін з адным. Жаночы гаметафіт (першасны эндасперм) мнагаклетачны, развіваецца ў нуцэлусе з мегаспоры ў выніку многіх дзяленняў; у прымітыўных груп з пылковай камерай, у верхняй частцы звычайна з двума архегоніямі (можа быць больш або могуць адсутнічаць). Жаночыя гаметафіты развіваюцца на працягу некалькіх месяцаў, зрэдку ў іх развіцці бывае перыяд спакою. Лускавінкі спелых жаночых шышак пры выспяванні звычайна становяцца дравяністымі, радзей сакавітымі і ярка афарбаванымі. Раз-пораз мясістымі і афарбаванымі становяцца і іншыя часткі шышкі або насення. Пры выспяванні шышкі звычайна раскрываюцца (у некаторых відаў застаюцца закрытымі) і ападаюць цалкам, у некаторых родаў — распадаюцца. Зародак звычайна цалкам сфарміраваны да таго, як ападзе насенне, але ў прымітыўных груп яго выспяванне можа адбывацца на зямлі па-за матчынай раслінай. Насенне білатэральна або радыяльна сіметрычнае, дробнае (часта з крылом) або даволі буйное (бяскрылае), іншы раз з яркаафарбаванай і мясістай абалонкай (у гэтым выпадку разносіцца жывёламі). Насенне звычайна мае перыяд спакою. Прарастанне насення надземнае або падземнае.

Многія віды з’яўляюцца найважнейшымі, шырока распаўсюджанымі лесаўтваральнымі хвойнымі пародамі. Іх асноўная гаспадарчая каштоўнасць у тым, што яны з’яўляюцца крыніцай т. зв. мяккай драўніны, якая знаходзіць шырокае прымяненне ў будаўніцтве, мэблевай вытворчасці. Выкарыстоўваюцца як паліва, з’яўляюцца асноўнай сыравінай у цэлюлозна-папяровай вытворчасці.

Лекавыя, смаланосныя, фарбавальныя, дубільныя, фітамеліяратыўныя расліны. Шырока выкарыстоўваюцца ў лесаразвядзенні або вырошчваюцца як дэкаратыўныя расліны. Насенне і парэнхіма сцябла некаторых відаў ядомыя (асобныя віды ядавітыя). Выкарыстоўваюцца ў біяіндыкацыі. Адзінкавыя віды маюць статус інвазійных раслін. Колькасць многіх прадстаўнікоў (асабліва сярод Сагаўнікавых) скарачаецца. З’яўляюцца рэліктавымі і маюць патрэбу ў ахове. Вымерлыя хвойныя сфарміравалі паклады выкапнёвых вугалёў.