КЛЕЙТАСМУНДА, род папарацевых сямейства Чыставуставыя
pdf

КЛЕЙТАСМУНДА

Дата стварэння: 14.10.2025 15:27:57

Дата змены: 22.10.2025 09:46:34


Аддзел

Папарацепадобныя

Polypodiophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.

Клас

Папарацепадобныя

Polypodiopsida Cronquist, Takht. et W. Zimm.

Сямейства

Чыставуставыя

Osmundaceae Martynov

Род

Клейтасмунда

Claytosmunda (Y. Yatabe, N. Murak. et K. Iwats.) Metzgar et Rouhan

Клейтасму́нда [Claytosmunda (Y. Yatabe, N. Murak. et K. Iwats.) Metzgar et Rouhan], род папарацевых сямейства Чыставуставыя.

Уключае ў сябе адзін рэліктавы від — клейтасмунда Клейтана [Claytosmunda claytoniana (L.) Metzgar et Rouhan]. Па будове лісця практычна неадрозны ад выкапнёвага віду Osmunda claytoniites Carlie J. Phipps et al., знойдзенага ў верхняй трыясавай сістэме (перыядзе) Антарктыкі (220 млн гадоў). У Швецыі ў выкапнёвых слаях ранняй юрскай сістэмы (перыяда) было выяўлена карэнішча асмундавай папараці з захаванымі храмасомамі, ідэнтычнымі храмасомам сучасных відаў.

Сучасны арэал распаўсюджання — Усходняя Азія (Кітай, Японія, Гімалаі) і ўсходнія раёны Паўночнай Амерыкі.

На Беларусі вядомы толькі ў культуры.

Маладыя расліны ружова лямцава-апушаныя, пасля пушок радзее. Карэнішча, як і ва ўсіх прадстаўнікоў гэтага сямейства, моцна развітое, кароткае. Вегетатыўнае лісце даўжынёй да 60 см і шырынёй 30 см, разгалістае, даўгаватае, тонка скурыстае, адзін раз або двойчы перыстае або перыста-рассечанае. Сегменты 1‑га парадку даўжынёй 10–15 см, шырынёй 2,5 см, лінейна-ланцэтныя або ланцэтныя, перыста рассечаныя амаль да рахіса або перыстыя. Сегменты 2‑га парадку збліжаныя каля асновы, авальныя, амаль суцэльнакраёвыя. Чаранкі лямцава-апушаныя ў маладых раслін, разгалістыя; даўжыня 30 см і больш. Фертыльныя (спараносныя) ваі з больш доўгімі чаранкамі, прамастаячыя, з паніклымі верхавінкамі, размешчаны ў цэнтры разеткі. Маюць стэрыльныя і фертыльныя сегменты адначасова. Спараносныя сегменты 1‑га парадку падобныя да вегетатыўных, але нашмат карацейшыя. Сегменты 2‑га парадку густа размешчаныя, цыліндрычныя, моцна завостраныя, пакрытыя чорнымі спарангіямі. З’яўляюцца ў сярэдзіне чэрвеня і размешчаны ў сярэдняй частцы ваі па 3–7 пар.

Клейтасмунда вельмі марозаўстойлівая, вытрымлівае паніжэнні тэмпературы да −40 °C. Восенню, перад адміраннем, ваі афарбоўваюцца ў яркія аранжавыя адценні. Гэты від рэкамендуецца вырошчваць у паўцені, на вільготных урадлівых глебах каля вадаёмаў. У прыродным асяроддзі ўтварае шчыльныя калоніі дзякуючы развіццю дадатковых гарызантальных парасткаў.