Дата стварэння: 14.10.2025 15:36:25
Дата змены: 22.10.2025 09:46:34
Аддзел Папарацепадобныя Polypodiophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. |
Клас Папарацепадобныя Polypodiopsida Cronquist, Takht. et W. Zimm. |
Сямейства Чыставуставыя Osmundaceae Martynov |
Род Чыставуст Osmunda L. |
Чыставу́ст (Osmunda L.), род папарацевых сямейства Чыставуставыя.
Паводле сучасных даных, род прадстаўлены 9 відамі і адным гібрыдам, спарадычна распаўсюджанымі ў трапічных, субтрапічных і ўмераных рэгіёнах зямнога шара.
Арэал распаўсюджання шырокі, але разарваны, што сведчыць пра старажытнасць гэтага роду. Вядомы часткі арэала ў Заходняй Еўропе, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа, у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Паўднёва-Заходняй Індыі.
На Беларусі расце адзін від — чыставуст велічны, або каралеўскі (Osmunda regalis L.), уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Адзінае месца, дзе адзначаны гэты від, — ваколіцы возера Селяхоўскае ў Брэсцкім раёне. Гэта ўсходняя мяжа еўрапейскага фрагмента арэала. Асноўная частка папуляцыі знаходзіцца ў даўгамошных, чарнічных, імшыстых і арляковых сасонніках. Расце групамі і адзінкавымі асобінамі на плошчы каля 8 га; прыкладная колькасць асобін больш за 1000 экзэмпляраў. Плошча, занятая відам, і колькасць раслін істотна не змяніліся ад часоў выяўлення гэтай папуляцыі, аднак павелічэнне антрапагеннага ўздзеяння можа негатыўна адбіцца на яе колькасці.
Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна вышынёй да 2 м. Ваі буйныя, двойчы перыста-рассечаныя, на доўгіх (дасягаюць паловы даўжыні ліста), жалабатых чаранках, пашыраных ля асновы. Спараносныя ваі дыморфныя і складаюцца з дзвюх частак: ніжняй — вегетатыўнай і верхняй — спараноснай. Вегетатыўная частка (даўжыня 50–100 см і шырыня 25–45 см) з голымі, шчыльнымі, бледна-зялёнымі, лінейна-ланцэтнымі канцавымі сегментамі; іх бакавыя праводныя пучкі разгалінаваныя. Цэнтральная вось ваі (рахіс) таксама жалабатая. Спараносная частка з драбнейшымі, вузкалінейнымі, спачатку зялёнымі, потым цёмна-карычневымі сегментамі, сабранымі ў верхавінкавую плоскую мяцёлку. Гэтыя сегменты па ўсёй паверхні пакрытыя шарападобнымі спарангіямі без індузія. Спараносіць у чэрвені — ліпені.
Гэта вільгацелюбівая папараць насяляе забалочаныя альшанікі, вільготныя шыракалістыя і мяшаныя лясы, крынічныя і тарфяныя лясныя балоты.
Дэкаратыўная і лекавая расліна.