АСМУНДАСТРУМ, род папарацевых сямейства Чыставуставыя
pdf

АСМУНДАСТРУМ

Дата стварэння: 14.10.2025 15:37:25

Дата змены: 22.10.2025 09:46:34


Аддзел

Папарацепадобныя

Polypodiophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.

Клас

Папарацепадобныя

Polypodiopsida Cronquist, Takht. et W. Zimm.

Сямейства

Чыставуставыя

Osmundaceae Martynov

Род

Асмундаструм

Osmundastrum C. Presl

Асмунда́струм (Osmundastrum C. Presl), род папарацевых сямейства Чыставуставыя.

Род адносіцца да лептаспарангіятных папарацей і прадстаўлены адным відам — асмундаструм кары́чны, або асмундаструм цынамонавы [Osmundastrum cinnamomeum (L.) C. Presl]. У Паўночнай Амерыцы распаўсюджаны ад паўднёвай часткі паўвострава Лабрадор на захад да возера Антарыа і на поўдзень праз усходнія раёны ЗША да ўсходняй Мексікі і Вест-Індыі; у Паўднёвай Амерыцы — на захад да Перу і на поўдзень да Парагвая; у Азіі — ад Паўднёва-Усходняй Сібіры і далей на поўдзень — у Японіі, Карэі, Кітаі і на Тайване, у М’янме, Тайландзе і В’етнаме.

На Беларусі ў прыроднам асяроддзі не расце, выкарыстоўваецца як дэкаратыўная расліна ў садах прыроднага стылю.

Травяністая расліна, якая ўтварае асобныя фертыльныя (спараносныя) і стэрыльныя ваі. Стэрыльныя ваі развіслыя, вышыня 30–150 см і шырыня 15–20 см, перыстыя. Фертыльныя ваі прамастаячыя і больш кароткія, вышыня 20–45 см. Спачатку з’яўляецца фертыльнае лісце зялёнага колеру, паступова, па меры выспявання спор, яно становіцца карычневым. Стэрыльныя ваі адміраюць восенню, а спараносныя захоўваюцца да наступнага сезона. Споры павінны неадкладна трапіць у спрыяльныя ўмовы і развіцца на працягу некалькіх тыдняў, інакш яны гінуць.

Асмундаструм карычны вырошчваюць за межамі роднага арэала, тым самым пашыраючы яго прысутнасць у іншых рэгіёнах ў якасці культываванага віду. У культываванні аддае перавагу мясцінам у засені і вільготнай пажыўнай глебе.

Ядомая расліна, аднак ужываць у сырым выглядзе непажадана з-за наяўнасці ферменту тыяміназы, які разбурае вітаміны групы В.

Выкапнёвыя рэшткі асмундаструма карычнага адносяцца да позняй мелавой сістэмы (перыяду), прыкладна 70 млн гадоў таму, што робіць яго адным з найстаражытнейшых відаў жывых раслін. Выкапнёвыя рэшткі роду таксама вядомы ў адкладах трыясавай сістэмы (перыяду).