ЧЫСТАВУСТАВЫЯ, сямейства папарацевых класа Папарацепадобныя
pdf

ЧЫСТАВУСТАВЫЯ

Дата стварэння: 14.10.2025 15:38:29

Дата змены: 22.10.2025 09:46:34


Аддзел

Папарацепадобныя

Polypodiophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.

Клас

Папарацепадобныя

Polypodiopsida Cronquist, Takht. et W. Zimm.

Сямейства

Чыставуставыя

Osmundaceae Martynov

ЧЫСТАВУСТАВЫЯ, сямейства папарацевых класа Папарацепадобныя

Чыставуст каралеўскі (фота: А. М. Мялік).

Чыставу́ставыя (Osmundaceae Martynov), сямейства папарацевых класа Папарацепадобныя.

Згодна з сучаснымі данымі, сямейства прадстаўлена 4–6 родамі, якія ўключаюць 23 віды і 3 гібрыды.

На Беларусі сустракаюцца прадстаўнікі трох родаў: клейтасмунда [Claytosmunda (Y. Yatabe, N. Murak. et K. Iwats.) Metzgar et Rouhan], чыставуст (Osmunda L.) і асмундаструм (Osmundastrum C. Presl). У прыродзе расце толькі прадстаўнік роду чыставуст — чыставуст каралеўскі (Osmunda regalis L.).

Чыставуставыя былі шырока распаўсюджаны ў старажытныя часы. У выкапнёвым выглядзе іх знаходзяць у слаях позняй каменнавугальнай сістэмы (перыяду), калі планету ад полюса да полюса пакрывалі лясы прымітыўных папарацепадобных раслін. Большасць прадстаўнікоў гэтага таксона вымерлі, некаторых можна назваць «жывымі выкапнямі».

Для прадстаўнікоў сямейства характэрны як травяністыя шматгадовыя, так і дрэвападобныя жыццёвыя формы. Кароткі масіўны артатропны парастак пакрыты чахлом з ніжніх частак апалых вай і шматлікіх каранёў. Гэты чахол дапамагае ўтрымліваць вільгаць. Часам парасткі адзін-два разы дыхатамічна разгаліноўваюцца на верхавінцы. У маладой раслінкі праводная сістэма — пратастэла. Пасля ўтварэння вай фарміруецца і стрыжань парастка. Ксілема дарослай расліны — кампактны сеткаваты цыліндр з вузкімі падоўжанымі лакунамі. У некаторых афрыкана-аўстралійскіх прадстаўнікоў рода тадэя (Todea Willd. ex Bernh.) парастак можа дасягаць 2 м у вышыню. Ваі буйныя, адзін раз ці двойчы перыстыя, ад скурыстых да плевачных. Ніз рахіса мае пры аснове ўтварэнні, падобныя на прылісткі. Ваі падзелены на спараносную і вегетатыўную часткі. Вегетатыўная частка — зялёная фотасінтэзуючая, а спараносная — бурая. Фертыльная (спараносная) частка ваі можа размяшчацца на верхавінцы або пасярэдзіне. Размяшчэнне спарангіяў групавое, часцей блізка да краю долей. Спарангіі не сабраны ў сорусы — яны размяшчаюцца ўчасткамі на ніжнім баку пласцінкі ліста, як у роду тадэі, ці невялікімі групамі з некалькіх спарангіяў каля асновы сегментаў, як у відаў роду лептаптэрыс (Leptopteris C. Presl). У падсямействе ўласна Чыставуставых (у чыставуста) спарангіі размяшчаюцца па краі часткова рэдукаванага і пазбаўленага хларафілу ліста. Спарангіі на кароткіх ножках, нераўнамерна зваротна-авальныя без спарангіяльнага колца, рэшткі якога знаходзяцца каля самай верхавінкі спарангія. Раскрываюцца дзвюма створкамі, не маюць індузія. Споры роўныя, шматлікія, тэтраэдрычна-шарападобныя, зялёныя, маюць хларафіл і алей.

Чыставуставыя — лясныя гіграфіты цёплага ўмеранага пояса, вільготных субтропікаў і сярэднягорных тропікаў. Некаторыя віды маюць дыз’юнктыўныя рэліктавыя арэалы.

Дэкаратыўныя, ядомыя, лекавыя і тэхнічныя расліны. Дзякуючы таму што маюць шэраг біялагічна актыўных рэчываў, яны знаходзяць прымяненне ў лячэнні страўнікава-кішачных і лёгачных захворванняў. У народнай медыцыне сродак для лячэння рахіту ў дзяцей. У ежу ўжываюць маладыя неразгорнутыя ваі ў стадыі ўліткі. Вельмі папулярныя ў садаводстве пры праектаванні садоў у прыродным стылі. У японскай этнаграфіі ёсць сведчанні пра дабаўленне валасінак рахіса асмунды ў сумесь з бавоўнай пры вытворчасці грубых тканін.