АНГІЯРЫДЫУМ (Angioridium), род грыбападобных арганізмаў сямейства Фізарумавыя (Physaraceae) парадку Фізарумавыя (Physarales) падкласа Калумеламіцэты (Columellomycetidae) класа Міксаміцэты (Myxomycetes)
pdf

АНГІЯРЫДЫУМ

Дата стварэння: 17.11.2025 12:24:40

Дата змены: 20.11.2025 15:32:40


Ангіяры́дыум (Angioridium Grev.), род грыбападобных арганізмаў сямейства Фізарумавыя.

У свеце, у т. л. і ў Беларусі, апісаны адзін від: Angioridium sinuosum (Bull.) Grev. Часта выяўляецца падчас вопытаў з «вільготнымі камерамі» на кары, ліставым ападзе і суплоддзях алешыны чорнай, рэштках травяністых раслін.

Спарафоры ў ангіярыдыума — гэта спарангіі або плазмадыяфоры, сядзячыя, адзінкавыя або згуртаваныя, сціснутыя з бакоў, белыя, шэрыя або жаўтлявыя (вышыня 0,7–1,0 мм, даўжыня ад 0,5 мм да 1 см і больш). Перыдый двухслаёвы. Вонкавы слой звычайна тоўсты, абвапнаваны, белы, часам практычна бясколерны ўнізе, аліўкава-карычневы або жаўтлявы. Унутраны слой перыдыю тонкі, бясколерны, парэпаны (больш-менш правільна, усцяж падоўжнай шчыліны). Капіліцый добра развіты, вузельчыкі вялікія, многавугольныя, белыя. Калонкі няма. Споры чорныя ў згуртаванні, цьмяна-фіялетавыя, карычнева-фіялетавыя пры праходзячым святле, раўнамерна арнаментаваныя дробнымі шыпамі. Дыяметр спор 8–10 мкм. Плазмодый шэры, жаўтлявы, светлы або белы.

Субстрат: кара і гнілая драўніна хвойных і ліставых парод дрэў, апалая лістота, ігліца (шыпулькі), рэшткі травяністых раслін.


Літаратура
  1. Гмошинский В. И. Определитель миксомицетов Московского региона / В. И. Гмошинский, Е. А. Дунаев, Н. И. Киреева. – Москва: АРХЭ, 2021.

  2. Новожилов Ю. К. Определитель грибов России. Отдел Слизевики. Вып. 1. Класс Миксомицеты. – Санкт-Петербург: Наука, 1993.

Спасылкі
  1. Систематика и филогения миксомицетов: вчера, сегодня, завтра / Е. Л. Мороз, В. И. Гмошинский, О. Н. Щепин [и др.] // Российский центр научной информации. – URL: https://doi.org/10.31857/S0026364824040018 (дата обращения: 11.12.2025).

  2. World reports of Myxomycetes. – URL: http://www.myx.dk (Date of access: 12.12.2025).

  3. Hyde K. D. The 2024 Outline of Fungi and fungus-like taxa / K. D. Hyde, M. T. Noorabadi, V. Thiyagaraja [et al.] // Mycosphere. – URL: https://doi.org/10.5943/mycosphere/15/1/25 (Date of access: 12.12.2025).

  4. An online nomenclatural information system of Eumycetozoa. – URL: http://www.nomen.eumycetozoa.com (Date of access: 12.12.2025).

  5. Moroz E. L. The Systematics and Phylogeny of Myxomycetes: Yesterday, Today, and Tomorrow / E. L. Moroz, V. I. Gmoshinskiy, O. N. Shchepin [et al.] // Springer Nature Link. – URL: https://rdcu.be/dWZiP (Date of access: 12.12.2025).