АРЦЫРЫЯ (Arcyria), род грыбападобных арганізмаў сямейства Арцырыевыя (Arcyriaceae) парадку Трыхіевыя (Trichiales) падкласа Луцыспораміцэты (Lucisporomycetidae) класа Міксаміцэты (Myxomycetes)
pdf

АРЦЫРЫЯ

Дата стварэння: 17.11.2025 12:25:46

Дата змены: 27.11.2025 11:10:09


Арцы́рыя (Arcyria F. H. Wigg.), род грыбападобных арганізмаў сямейства Арцыевыя.

Спарафоры ў арцырыі — гэта спарангіі на ножках, адзінкавыя або могуць утвараць шчыльныя згуртаванні. Бываюць цыліндрычныя, авальныя, шарападобныя (вышыня 0,3–6 мм, дыяметр 0,2–2 мм). Перыдый аднаслаёвы, тонкі, разбураецца ў верхняй частцы і застаецца ў выглядзе чашачкі пры аснове спарангія або ў выглядзе асобных фрагментаў у верхняй частцы спарангія. Ножка напаўпразрыстая, звычайна запоўненая спорападобнымі буйнымі клеткамі (да 40 мкм у дыяметры).

Капіліцый эластычны і ў некаторых выпадках можа выцягвацца пасля выспявання спарангіяў. Валаконцы капіліцыю могуць быць злучаны з усёй унутранай паверхняй чашачкі або толькі з яе цэнтральнай часткай. Валаконцы капіліцыю — гэта сетка трубачак, што могуць быць арнаментаваныя (патаўшчэннямі ў выглядзе паўколцаў, маленькімі шыпамі, бародаўкамі ці сетачкай). Дыяметр валаконцаў 2,5–10 мкм. У некаторых выпадках патаўшчэнні-паўколцы ўтвараюць узоры накшталт спіральна закручанай арнаментацыі. Споры ў згуртаванні светлыя (цагляна-чырвоныя, ружовыя, аранжавыя, жоўтыя, шараватыя), часта губляюць колер, калі захоўваюцца ў гербарыі; звычайна арнаментаваны дробнымі бародаўкамі. Дыяметр спор 6–12 мкм.

Субстрат: кара, гнілая драўніна хвойных і ліставых парод дрэў, раслінныя рэшткі, імхі і зрэдку жывыя травяністыя расліны.

У свеце апісаны 51 від. На Беларусі адзначаны 11 відаў:

  1. Arcyria affinis Rostaf.

  2. Arcyria cinerea (Bull.) Pers.

  3. Arcyria congesta (Sommerf.) Berk. et Broome.

  4. Arcyria denudata (L.) Wettst.

  5. Arcyria globosa Schwein.

  6. Arcyria helvetica (Meyl.) H. Neubert, Nowotny et K. Baumann.

  7. Arcyria imperialis (G. Lister) Q. Wang et Yu Li.

  8. Arcyria incarnata (Pers. ex J.F. Gmel.) Pers.

  9. Arcyria marginoundulata Nann.-Bremek. et Y. Yamam.

  10. Arcyria minuta Buchet.

  11. Arcyria stipata (Schwein.) Lister.

З іх рэдкія віды:

Arcyria helvetica (Meyl.) H. Neubert, Nowotny et K. Baumann. Распаўсюджаны таксама ў Еўропе (Аўстрыя, Германія, Ісландыя, Францыя, Швейцарыя), у Азіі (Кітай, Непал, Японія), у Паўночнай Амерыцы (ЗША). Месцазнаходжанне ў памежных з Беларуссю краінах: Расія, Украіна.

Arcyria imperialis (G. Lister) Q. Wang et Yu Li. Распаўсюджаны таксама ў Еўропе (Австрыя, Германія), у Азіі (Бутан, Індыя, Японія), на Сярэднім Усходзе (Турцыя). Месцазнаходжанне ў памежных з Беларуссю краінах: Літва, Польшча, Расія, Украіна.

Arcyria marginoundulata Nann.-Bremek. et Y. Yamam. Распаўсюджаны (адзінкавыя знаходкі) таксама ў Еўропе (Германія, Нідэрланды, Францыя), у Азіі (Лаос, В’етнам, Японія, Тайвань, Філіпіны), у ЗША (штаты Арканзас, Тэхас, Заходняя Вірджынія). Месцазнаходжанне ў памежных з Беларуссю краінах: Польшча, Расія.



Літаратура
  1. Гмошинский В. И. Определитель миксомицетов Московского региона / В. И. Гмошинский, Е. А. Дунаев, Н. И. Киреева. – Москва: АРХЭ, 2021.

  2. Новожилов Ю. К. Определитель грибов России. Отдел Слизевики. Вып. 1. Класс Миксомицеты. – Санкт-Петербург: Наука, 1993.


Спасылкі
  1. Систематика и филогения миксомицетов: вчера, сегодня, завтра / Е. Л. Мороз, В. И. Гмошинский, О. Н. Щепин [и др.] // Российский центр научной информации. – URL: https://doi.org/10.31857/S0026364824040018 (дата обращения: 11.12.2025).

  2. World reports of Myxomycetes. – URL: http://www.myx.dk (Date of access: 12.12.2025).

  3. Hyde K. D. The 2024 Outline of Fungi and fungus-like taxa / K. D. Hyde, M. T. Noorabadi, V. Thiyagaraja [et al.] // Mycosphere. – URL: https://doi.org/10.5943/mycosphere/15/1/25 (Date of access: 12.12.2025).

  4. An online nomenclatural information system of Eumycetozoa. – URL: http://www.nomen.eumycetozoa.com (Date of access: 12.12.2025).

  5. Moroz E. L. The Systematics and Phylogeny of Myxomycetes: Yesterday, Today, and Tomorrow / E. L. Moroz, V. I. Gmoshinskiy, O. N. Shchepin [et al.] // Springer Nature Link. – URL: https://rdcu.be/dWZiP (Date of access: 12.12.2025).