Дата стварэння: 09.10.2024 10:00:56
Дата змены: 24.03.2025 12:22:51
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et Zimm. ex Reveal |
Клас Хвойныя Pinopsida Burnett |
Сямейства Кіпарысавыя Cupressaceae Gray |
Род Ядловец Juniperus L. |
Ядло́вец, ядлаве́ц (Juniperus L.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.
Налічвае 50–70 відаў, шырока распаўсюджаных пераважна ў горных абласцях умераных і субтрапічных рэгіёнаў Паўночнага паўшар’я.
У Беларусі адзін абарыгенны від — ядловец звычайны (Juniperus communis L.). Расце на сухадольных лугах, у якасці падлесачнай пароды ў хвойных (галоўным чынам хваёвых) і мяшаных лясах, радзей — на пераходных балотах амаль па ўсёй тэрыторыі краіны за выключэннем паўднёва-ўсходняй часткі. Часта вырошчваецца ў культуры, дзе прадстаўлены вялікай колькасцю сартоў. Інтрадукавана каля 20 відаў. Найбольш часта ў культуры сустракаюцца ядловец казацкі (Juniperus sabina L.), ядловец віргінскі (Juniperus virginiana L.), ядловец скальны (Juniperus scopulorum Sarg.), ядловец гарызантальны (Juniperus horizontalis Moench), ядловец лускаваты (Juniperus squamata Buch.-Ham. ex D.Don) і ядловец кітайскі (Juniperus chinensis L.).
Вечназялёныя двухдомныя або аднадомныя кусты і дрэвы вышынёй да 10–15 (40) м, дыяметр ствала да 0,5 м. Растуць павольна, працягласць жыцця дасягае 500–600 (1000) гадоў. Каранёвая сістэма магутная, глыбокая. Крона разнастайнай формы. Драўніна чырванаватая або бураватая, трывалая, духмяная. Парасткі падоўжаныя. Лісце іглападобнае або шылападобнае, часам дарослае лісце лускападобнае, а ювенільнае — іглападобнае, звычайна накрыж супраціўнае або ў кальчаках па 3, застаецца на парастках да 5–6 гадоў. Пыленне ў маі — чэрвені (у некаторых відаў восенню). Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй 0,5–8 мм, акруглыя або прадаўгаватыя, жаўтаватыя. Жаночыя шышкі (шышкаягады), даўжынёй 3–25 мм, акруглыя або авальныя, звычайна не раскрываюцца, сакавітыя, сінія, радзей чырванаватыя, звычайна з шызым налётам, спеюць у розных відаў на працягу 1–3 гадоў пасля апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне бяскрылае.
Малапатрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, засухаўстойлівыя, святлалюбныя расліны. Гарадскія ўмовы пераносяць здавальняюча.
Духмяныя і вострыя на смак, дубільныя расліны. Многія віды дэкаратыўныя, шырока выкарыстоўваюцца ў азеляненні, добра пераносяць стрыжку, лёгка размнажаюцца чаранкаваннем. Драўніна ўстойлівая да гніення, хвароб і шкоднікаў, выкарыстоўваецца для вытворчасці дробных вырабаў (кіёчкі, посуд, алоўкі і інш.), для такарных вырабаў. Лісце і маладыя парасткі багатыя на эфірныя алеі, якія ачышчаюць паветра ад мікробаў. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, ветэрынарыі. Шышкаягады ядлоўцу шырока прымяняюць у харчовай і парфумернай прамысловасці.