ХВАЁВЫЯ, сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя
pdf

ХВАЁВЫЯ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:23:33

Дата змены: 22.10.2025 09:46:43


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta

Клас

Хвойныя

Pinopsida

Сямейства

Хваёвыя

Pinaceae Spreng. ex F. Rudolphi

ХВАЁВЫЯ, сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя

Спелая жаночая шышка хвоі Веймутава (фота: М. А. Джус).

ХВАЁВЫЯ, сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя

Парастак хвоі Банкса з мужчынскімі і жаночымі шышкамі (фота: М. А. Джус).

Хваёвыя (Pinaceae Spreng. ex F. Rudolphi), сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя.

Сямейства налічвае 11 родаў і каля 235 (250) відаў. Шырока распаўсюджаны ў халодных, умераных, субтрапічных і трапічных рэгіёнах, пераважна ў Паўночным паўшар’і.

У Беларусі ў натуральным асяроддзі растуць 3 віды, якія адносяцца да родаў хвоя (Pinus L.), елка (Picea A. Dietr.) і піхта (Abies Mill.). У культуры часта вырошчваюцца прадстаўнікі родаў лістоўніца (Larix Mill.) і ілжэтсуга (Pseudotsuga Carrière), зрэдку — віды родаў тсуга [Tsuga (Endl.) Carrière]. Інтрадукцыйныя выпрабаванні праходзяць роды ілжэлістоўніца (Pseudolarix Gordon) і кедр (Cedrus Trew). Не сустракаюцца ў рэспубліцы роды катая (Cathaya Chun et Kuang), кетэлеерыя (Keteleeria Carrière) і нотатсуга (Nothotsuga H. H. Hu ex C.N. Page).

Аднадомныя вечназялёныя або лістападныя дрэвы (лістоўніца, ілжэлістоўніца), значна радзей — кустарнікі. Лісце іголкападобнае, вузка-лінейнае, зрэдку лускападобнае, простае, суцэльнае, чаргаванае, сядзячае ці на кароткіх чаранках. Для некаторых відаў характэрна гетэрафілія, а таксама змена ювенільнага лісця старым. Лісце з адным або двума праводнымі пучкамі. Ёсць пупышкавыя лускавінкі. Для некаторых родаў характэрны дымарфізм парасткаў (падоўжаныя і пакарочаныя). Другасная ксілема са смалянымі хадамі, дзе-нідзе бывае з траўматычнымі смалянымі клеткамі. Мужчынскія шышкі дробныя, даўжыня 0,5–6 см, верхавінкавыя або пазушныя, прадаўгаватыя або цыліндрычныя, адзінкавыя або ў групах, простыя. Складаюцца з восі і спіральна размешчаных на ёй плоскіх мікраспарафілаў з 2 мікраспарангіямі на ніжнім баку. Пылковае зерне з паветранымі мяшочкамі або без іх (лістоўніца, ілжэтсуга, тсуга, нотатсуга). Пасля пылення мужчынскія шышкі засыхаюць і ападаюць цалкам. Расліны ветраапыляльныя. Жаночыя шышкі складаныя (канстробілы) верхавінкавыя або пазушныя, круглявыя або прадаўгаватыя, звычайна буйнейшыя за мужчынскія (даўжыня 3–65 см), адзінкавыя або ў групах, спеюць за адзін, радзей за 2–3 гады. Шышкі складаюцца з восі і спіральна размешчаных на ёй покрыўных лускавінак. У пазухах покрыўных лускавінак размешчаны насенныя лускавінкі (відазмененыя элементарныя стробілы). Насенная і покрыўная лускавінкі пляскатыя, звычайна зрастаюцца асновамі. Лускавінкі спелых жаночых шышак дравяністыя, насенныя лускавінкі звычайна значна буйнейшыя за покрыўныя. Каля асновы насенных лускавінак размешчана звычайна па 2 семязавязі. Жаночыя гаметафіты развіваюцца больш чым год (маюць перыяд спакою), з 1–100 архегоніямі (у розных родаў). Пры выспяванні шышкі прачыняюцца, у некаторых відаў хвоі і елкі доўга застаюцца закрытымі. Спелыя шышкі звычайна ападаюць цалкам, у некаторых відаў і родаў (кедр, піхта, ілжэлістоўніца) — распадаюцца. Зародак з 2–15 (24) семядолямі. Насенне дробнае, з крылцам або даволі буйное, бяскрылае (у гэтым выпадку разносіцца жывёламі). Прарастанне насення надземнае.

Многія віды — гэта найважнейшыя лесаўтваральныя пароды, выступаюць як эдыфікатары і дамінанты хвойных лясоў. Некаторыя віды маюць рэліктавыя арэалы і скарачаюць сваю колькасць. Прадстаўнікі сямейства маюць важнае практычнае значэнне і з’яўляюцца сыравінай для вытворчасці паперы, выкарыстоўваюцца як паліва, у будаўніцтве, хімічнай прамысловасці, медыцыне, лесаразвядзенні, а таксама вырошчваюцца як дэкаратыўныя расліны. Насенне некаторых відаў ядомае. Адзінкавыя віды хвоі, лістоўніцы, ілжэтсугі натуралізаваліся ў месцах іх вырошчвання і маюць статус інвазійных раслін.