Дата стварэння: 31.10.2024 14:48:45
Дата змены: 12.03.2025 15:17:25
Анапты́хія (Anaptychia Körb.), род кусцістых лішайнікаў сямейства Фісцыевыя.
Віды насяляюць кару дрэў, камяні, глебу сярод імхоў і лішайнікаў, распаўсюджаны пераважна ў Паўночным паўшар’і ва ўсіх раслінна-кліматычных зонах. У свеце вядома каля 15 відаў.
У Беларусі адзін від — анаптыхія раснічастая [Anaptychia ciliaris (L.) Körb. еx A. Massal], сустракаецца паўсюдна. Расце на кары дрэў ліставых парод у ліставых, мяшаных і хвойных лясах, таксама ў старых сядзібных парках. З’яўляецца індыкатарам забруджвання атмасфернага паветра.
Талом кусцісты, з павісальнымі або адтапыранымі лопасцямі, утварае рыхлыя падушкі, ад дробных памераў 2–3 см да шырокіх распасцёртых падушак 20–30 см у дыяметры, без сарэдый і ізідый. Лопасці шырынёй 1–4 мм, маладыя — больш-менш пляскатыя і распасцёртыя, спелыя — выпуклыя, доўгія, павісальныя, моцна разгалінаваныя і пераблытаныя, па краі з доўгімі, да 6 мм, простымі або слаба разгалінаванымі фібрыламі (аднакаляровымі з таломам або часта больш цёмнымі), пры дапамозе якіх лішайнік прымацоўваецца да субстрату. Верхняя паверхня талома ад светла-шэрай да цёмна-шэра-бурай афарбоўкі, у зацяненні больш светлая, пры яркім асвятленні да цёмна-шэра-карычневай і чарнаватай. Паверхня талома і фібрылы варсістыя. Стрыжань рыхлы, белаваты. Ніжняя паверхня талома светлая, рызіны не развітыя. Апатэцыі сядзячыя або на кароткай ножцы, размяшчаюцца на паверхні лопасцей. Дыск карычневата-чорны, голы або з бялёса-блакітнаватым налётам, спачатку ўвагнуты, потым плоскі. Сумкі з 8 спорамі. Споры 2‑клетачныя, эліпсападобныя, карычневыя.
Верхні каравы́ слой талома і стрыжань пры дзеянні гідраксіду калію не змяняюцца ў афарбоўцы.
Флора Беларуси. Лишайники: в 4 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2019.
Яцына А. П. Практикум по накипным лишайникам Беларуси: пособие / А. П. Яцына, Л. М. Мержвинский. – Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2019.
Яцына А. П. Коллекция лишайников и близкородственных грибов Института экспериментальной ботаники НАН Беларуси (MSK-L). – Минск: Беларуская навука, 2022.
Яцына А. П. Лихенобиота хвойных лесов Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2024.
Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты — Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983.
Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 3: Растения, грибы, животные / Редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2014.