Дата стварэння: 21.11.2024 13:45:59
Дата змены: 22.10.2025 09:46:34
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal |
Клас Хвойныя Pinopsida Burnett |
Сямейства Цісавыя Taxaceae Grey |
Ці́савыя (Taxaceae Grey), сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя.
Налічвае 5–6 родаў і 28–35 відаў, распаўсюджаных у цёплых умераных, субтрапічных і трапічных рэгіёнах, пераважна Паўночнага паўшар’я. Нярэдка прадстаўнікоў роду галоўчатаціс (Cephalotaxus Siebold et Zucc. ex Endl.) вылучаюць як самастойнае сямейства Галоўчатацісавыя [Cephalotaxaceae Neger].
У Беларусі раней адзначаўся адзін дзікарослы від — ціс ягадны (Taxus baccata L.), які трапляўся ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча», наваколлях гарадоў Гродна і Слонім. Цяпер дакладныя прыродныя мясціны, дзе быў бы адзначаны гэты від, невядомыя. Ціс ягадны шырока культывуецца нароўні з іншымі відамі роду ціс (Taxus L.) — цісам востраканцовым (Taxus cuspidata Siebold et Zucc.) і іх міжвідавым гібрыдам — цісам сярэднім (Taxus × media Rehder). У культуры прадстаўлены вялікай колькасцю сартоў, якія адрозніваюцца формай росту і памерамі, афарбоўкай лісця. Інтрадукцыйныя выпрабаванні праходзяць найбольш зімаўстойлівыя віды і сарты родаў галоўчатаціс і тарэя (Torreya Arn.). Не трапляюцца на тэрыторыі рэспублікі віды родаў аментатаксус (Amentotaxus Pilg.), аўстратаксус (Austrotaxus Compton) і псеўдатаксус (Pseudotaxus W. C. Cheng).
Звычайна двухдомныя (рэдка аднадомныя), вечназялёныя, павольнарослыя дрэвы-доўгажыхары або радзей — кусты. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае, плоскае, простае, суцэльнае, чаргаванае, часта двухраднае, на кароткіх чаранках, завостранае на верхавінцы. Застаецца на парастках некалькі гадоў. Ёсць пупышкавыя лускавінкі. Парасткі аднатыпныя. Другасная ксілема без смаляных хадоў. Мужчынскія шышкі разнастайныя, дробныя, шарападобныя або даўгаватыя, простыя ці складаныя, даўжыня 3–6 мм. Размяшчаюцца ў пазухах лісця леташніх парасткаў. У большасці відаў складаюцца са стрыжня, у аснове якога спіральна размешчана лускападобнае лісце, а вышэй — 6–14 шчытападобных мікраспарафілаў, з ніжняга боку якіх звісаюць па 2–16 мікраспарангіяў. Пылковае зерне (пылок) без паветраных мяшочкаў, у большасці — мужчынскі гаметафіт (акрамя галоўчатаціса) не мае праталіяльных клетак, а апыленне адбываецца на стадыі мікраспоры. Пасля пылення мужчынскія шышкі засыхаюць і ападаюць цалкам. Расліны апыляюцца ветрам. Жаночыя шышкі моцна рэдукаваныя і відазмененыя, размяшчаюцца па 1–2 у пазусе ліста, спелыя 5–40 мм даўжынёй, выспяваюць за адзін год, радзей (у тарэі, галоўчатаціса) — за 2 гады. У большасці родаў складаюцца са стрыжня з некалькімі размешчанымі па спіралі або супраціўна дробнымі лускападобнымі лістамі. Верхавінка стрыжня нясе адну верхавінкавую семязавязь, якая пры аснове абкружана сакавітым покрывам (арылусам). Жаночыя гаметафіты з 1–8 архегоніямі (для розных родаў). Пры выспяванні шышка не раскрываецца. Насенне цалкам або часткова абгорнута мясістым або скурыстым, звычайна ярка афарбаваным арылусам (чырвоным, чырвона-жоўтым, сіня-чорным, пурпурова-зялёным, зеленавата-белым). Зародак з 2, радзей 4 семядолямі. Насенне буйное, бяскрылае, разносіцца жывёламі.
Прадстаўнікі сямейства раней мелі важнае практычнае значэнне. Трывалая і даўгавечная драўніна выкарыстоўвалася ў мэблевай вытворчасці, такарнай і сталярнай справе, суднабудаванні, народных промыслах. Многія часткі раслін (асабліва лісце і кара) з’яўляюцца вельмі ядавітымі (маюць алкалоіды). Некаторыя віды выкарыстоўваюцца ў медыцыне для лячэння анкалагічных захворванняў. Асобныя віды вырошчваюцца з дэкаратыўнай мэтай (непатрабавальныя да гарадскіх умоў, добра вытрымліваюць стрыжку, ценевынослівыя). Насенне пэўных відаў тарэі ядомае, з яго здабываюць алей. Многія віды маюць рэліктавыя арэалы, іх колькасць скарачаецца.