Дата стварэння: 21.11.2024 13:47:26
Дата змены: 22.10.2025 09:46:34
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal |
Клас Хвойныя Pinopsida Burnett |
Хво́йныя (Pinopsida Burnett), клас хвойных раслін аддзела Голанасенныя.
Іншая назва: Шышканосныя (Coniferae Bartl.).
Самы буйны клас сучасных раслін аддзела Голанасенныя. Сучасных прадстаўнікоў класа адносяць да 7–11 сямействаў, прыкладна да 70 родаў і 630 відаў, шырока распаўсюджаных у халодных, умераных, субтрапічных і трапічных рэгіёнах абодвух паўшар’яў.
У Беларусі растуць у дзікай прыродзе прадстаўнікі сямействаў Хваёвыя (Pinaceae Spreng. ex F. Rudolphi) і Кіпарысавыя (Cupressaceae Gray). Раней дзікарослым відам лічыўся ціс ягадны (Taxus baccata L.) з сямейства Цісавыя (Taxaceae Gray).
Прадстаўнікі класа — пераважна дрэвы, радзей — кусты. Аўтатрофныя, вельмі рэдка паразітныя расліны, напрыклад, паразітаксус абпалены [Parasitaxus ustus (Vieill.) de Laub.]. Верагодна, усе віды з’яўляюцца мікатрофнымі. Для многіх прадстаўнікоў характэрна наяўнасць у драўніне смаляных хадоў. Вегетатыўнае лісце іголкападобнае і (або) лускападобнае, радзей лінейнае і пляскатае, размешчана спіральна, процілегла або ў кальчаках, захоўваецца на парастках некалькі гадоў або штогод ападае. Для некаторых відаў характэрна гетэрафілія, а таксама змена ювенільнага лісця дарослым. Парасткі пакарочаныя і падоўжаныя альбо толькі падоўжаныя. Лісце з адным ці некалькімі праводнымі пучкамі. Спараносныя парасткі аднаполыя, мужчынскія і жаночыя, звычайна сабраны ў шышкападобныя зборы (стробілы). Расліны аднадомныя або радзей — двухдомныя. Мужчынскія шышкі верхавінкавыя або пазушныя, акруглыя або прадаўгаватыя, адзінкавыя або ў групах, часцей простыя, складаюцца са стрыжня і размешчаных на ім мікраспарафілаў з мікраспарангіямі. Расліны часцей за ўсё апыляюцца ветрам. Пылковае зерне з паветранымі мяшочкамі або без іх. Мужчынскія гаметы — нерухомыя сперміі. Апладненне ў выглядзе сіфанагаміі, адбываецца ў розныя тэрміны пасля апылення, але задоўга да ападання насення. Пасля апылення мужчынскія шышкі звычайна засыхаюць і ападаюць цалкам. Жаночыя шышкі звычайна складаныя (канстробілы), верхавінкавыя або пазушныя, акруглыя або прадаўгаватыя, звычайна буйнейшыя за мужчынскія. Шышкі складаюцца са стрыжня з покрыўнымі лускавінкамі, у пазусе якіх размешчаны насенныя лускавінкі (відазмененыя элементарныя стробілы). Насенныя і покрыўныя лускавінкі пляскатыя. Насенныя звычайна нашмат буйнейшыя за покрыўныя, часцей зрастаюцца адна з адной. Лускавінкі спелых жаночых шышак дравяністыя. Пры аснове насенных лускавінак размешчана ад 1 да 7–9 (20) семязавязей. Радзей жаночыя шышкі моцна відазменены, у выглядзе адзінкавых або некалькіх семязавязей на верхавінцы парасткаў, абкружаны сакавітым покрывам, якое разрастаецца. Жаночыя гаметафіты развіваюцца на працягу некалькіх месяцаў, часам маюць перыяд спакою, з 1–100 архегоніямі (для розных груп). Падчас выспявання шышкі звычайна раскрываюцца (у некаторых відаў застаюцца закрытымі) і асыпаюцца цалкам, у некаторых родаў — распадаюцца. Зародак можа быць цалкам сфарміраваны да ападання насення, з 2–15 (24) семядолямі. Насенне білатэральнае, дробнае (нярэдка з крылом) або даволі буйное і бяскрылае (у гэтым выпадку разносіцца жывёламі). Насенне звычайна мае перыяд спакою. Прарастанне насення надземнае.
Сучасныя прадстаўнікі класа — гэта асноўныя лесаўтваральныя пароды хвойных і хвойна-ліставых лясоў ва ўмераным поясе і ў гарах. Многія віды маюць выключную гаспадарчую значнасць (крыніца каштоўнай драўніны). Лекавыя, смаланосныя, фарбавальныя, дубільныя, фітамеліяратыўныя і дэкаратыўныя расліны. Некаторыя віды выкарыстоўваюцца ў лесаразвядзенні, біяіндыкацыі. Насенне пэўных відаў ядомае. Колькасць многіх прадстаўнікоў класа скарачаецца, таму маюць патрэбу ў ахове. Адзінкавыя віды маюць статус інвазійных раслін. Вымерлыя хвойныя сфарміравалі паклады выкапнёвых вугалёў.