Дата стварэння: 21.11.2024 13:48:39
Дата змены: 22.10.2025 09:46:34
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal |
Клас Хвойныя Pinopsida Burnett |
Сямейства Кіпарысавыя Cupressaceae Gray |
Род Гесперацыпарыс Hesperocyparis Bartel et R. A. Price |
Гесперацыпа́рыс (Hesperocyparis Bartel et R.A. Price), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.
Іншая назва: заходні кіпарыс.
Налічвае каля 17 відаў, якія часам разглядаюць у складзе роду кіпарыс (Cupressus L.). Большасць відаў мае невялікія арэалы. Распаўсюджаны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах на заходнім Ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі (ЗША, Мексіка, Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа). Некалькі відаў шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара.
У Беларусі дзікарослых прадстаўнікоў роду няма. Інтрадукцыйныя выпрабаванні праходзяць гесперацыпарыс Бэйкера [Hesperocyparis bakeri (Jeps.) Bartel] і сарты гесперацыпарыса арызонскага [Hesperocyparis arizonica (Greene) Bartel], якія зрэдку вырошчваюцца ў паўднёвай і цэнтральнай частках рэспублікі.
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы або кусты, вышыня асобных відаў дасягае 30–40 (50) м, дыяметр ствала да 5 (5,7) м. Аднак у большасці прадстаўнікоў роду вышыня да 15 м, а дыяметр ствала да 1 м. Працягласць жыцця вывучана недастаткова, складае не менш за 280 гадоў. Кара шэрая або чырванавата-карычневая, у дарослых дрэў пласцініста адслойваецца. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона конусападобная або пірамідальная. Парасткі падоўжаныя, акруглыя або чатырохгранныя. Лісце простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае або дробназубчатае, часта з шызым напылам. Ювенільнае — супраціўнае або ў кальчаках па 3, іголкападобнае. Дарослае лісце супраціўнае, лускападобнае, часта з залозкай з ніжняга боку, даўжыня да 4 мм. Пыленне ў красавіку — маі. Мужчынскія шышкі дробныя, акруглыя або прадаўгаватыя, даўжыня 2–3 мм, жаўтавата-зялёныя. Спелыя жаночыя шышкі акруглыя або прадаўгаватыя, даўжыня 10–50 мм, з (2) 3–6 парамі шчытападобных, патоўшчаных супраціўных лускавінак, светла-зялёныя, з невялікім вырастам у цэнтральнай частцы, выспяваюць на другі год пасля апылення. Пасля выспявання часта застаюцца закрытымі (раскрываюцца пасля пажараў або праз некалькі гадоў пасля выспявання), ападаюць цалкам. Насенне шматлікае (да 60–150 у шышцы), пляскатае, з двума вузкімі крылападобнымі вырастамі, карычневае або чорнае, звычайна з шызым напылам. Семядолей 3–5.
Святлалюбны, засухаўстойлівы, непатрабавальны да ўрадлівасці глебы, мала зімаўстойлівы. Добра расце ў гарадскіх умовах, устойлівы да шкоднікаў і хвароб, добра пераносіць стрыжку.
Драўніна трывалая, устойлівая да гніення, выкарыстоўваецца ў сталярнай справе, для вырабу музычных інструментаў. Некаторыя віды выкарыстоўваюцца ў лесаразвядзенні. Каштоўныя дэкаратыўныя расліны. У культуры некаторыя віды гібрыдызуюць з калітропсісам нутканскім [Callitropsis nootkatensis (D. Don) Oerst.]. Найбольш шырока распаўсюджаны гібрыд з гесперацыпарысам буйнаплодным [Hesperocyparis macrocarpa (Hartw.) Bartel], які мае назву гесператропсіс Лейланда [× Hesperotropsis leylandii (A. B. Jacks. et Dallim.) Garland et Gerry Moore].