Дата стварэння: 21.11.2024 13:54:07
Дата змены: 24.03.2025 12:16:59
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.ex Reveal |
Клас Хвойныя Pinopsida Burnett |
Сямейства Хваёвыя Pinaceae Spreng. ex F. Rudolphi |
Род Тсуга Tsuga (Endl.) Carrière |
Тсу́га [Tsuga (Endl.) Carrière], род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя.
Налічвае каля 10 відаў, распаўсюджаных пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўночнай Амерыкі (4 віды), Паўднёва-Усходняй і Усходняй Азіі, часта ў гарах. Шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара.
У Беларусі дзікарослых прадстаўнікоў няма. Інтрадукаваны 4 віды: тсуга канадская [Tsuga canadensis (L.) Carrière], тсуга разналістая [Tsuga diversifolia (Maxim.) Mast.], тсуга нераўналістая, або заходняя [Tsuga heterophylla (Raf.) Sarg.] і тсуга Мертэнза, або горная [Tsuga mertensiana (Bong.) Carrière]. Найбольш распаўсюджана ў культуры тсуга канадская, якая мае шмат сартоў, што адрозніваюцца памерамі, формай кроны і афарбоўкай ігліцы.
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 (70) м. Працягласць жыцця да 700 (1000) гадоў. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона канічная або пірамідальная звычайна з паніклай верхавінай. Парасткі падоўжаныя. Лісце чаргаванае, даўжынёй да 3 см, звычайна двухраднае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, плоскае, лінейнае, на кароткіх чаранках. Пыленне ў маі. Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй да 5 мм, шарападобныя, чырванавата-бурыя або жаўтаватыя. Спелыя жаночыя шышкі даўжынёй 15–55 (80) мм, прадаўгавата-яйцападобныя, паніклыя, спярша зялёныя, пры выспяванні бурыя; спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання застаюцца на расліне да двух і больш гадоў і ападаюць цалкам. Насенне дробнае, з двума крыламі. Размнажаюцца вегетатыўна і насеннем.
Ценевынослівая, умерана зімаўстойлівая, патрабавальная да вільготнасці глебы і паветра, малаўстойлівая да гарадскіх умоў, добра пераносіць стрыжку.
Драўніна ўмерана трывалая, прымяняецца ў будаўніцтве, у мэблевай вытворчасці і для вырабу розных прадметаў быту. Каштоўная дэкаратыўная расліна. Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне, для здабывання смалы і эфірных алеяў.