КІПАРЫСАВЫЯ, сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя
pdf

КІПАРЫСАВЫЯ

Дата стварэння: 21.11.2024 13:55:07

Дата змены: 22.10.2025 09:46:43


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.ex Reveal

Клас

Хвойныя

Pinopsida Burnett

Сямейства

Кіпарысавыя

Cupressaceae Gray

КІПАРЫСАВЫЯ, сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя

Кіпарысавік Лаўсана. Парастак са спелымі жаночымі шышкамі (фота: М. А. Джус).

КІПАРЫСАВЫЯ, сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя

Туя складкаватая. Парастак з жаночымі шышкамі (фота: А. М. Мялік).

Кіпары́савыя (Cupressaceae Gray), сямейства голанасенных хвойных раслін класа Хвойныя.

Налічвае каля 30 родаў і да 130–140 відаў вельмі шырока распаўсюджаных на ўсіх кантынентах за выключэннем Антарктыды, але пераважна ва ўмерана цёплых і субтрапічных рэгіёнах. Большасць родаў прымеркавана да Паўднёвага паўшар’я. Раней разглядалі ў складзе двух сямействаў — кіпарысавыя і таксодыевыя (Taxodiaceae Saporta).

На Беларусі ў культуры часта вырошчваюцца прадстаўнікі родаў ядловец (Juniperus L.), туя (Thuja L.) і кіпарысавік (Chamaecyparis Spach), зрэдку — віды родаў калітропсіс (Callitropsis Oerst.), метасеквоя (Metasequoia Hu et W. C. Cheng), мікрабіёта (Microbiota Kom.), шырокагаліначнік (Platycladus Spach), таксодыум (Taxodium Rich.), туявік (Thujopsis Sieb. et Zucc. Endl.). Інтрадукцыйныя выпрабаванні праходзяць роды калацэдрус (Calocedrus Kurz), крыптамерыя (Cryptomeria D. Don), кунінгамія (Cunninghamia R. Br.), гесператропсіс (× Hesperotropsis Garland et Gerry Moore), гліптастробус (Glyptostrobus Endl.), гесперацыпарыс (Hesperocyparis Bartel et R. A. Price), секвоя (Sequoia Endl.), секвоядэндран (Sequoiadendron J. Buchholz). Адзначаны адзін дзікарослы від — ядловец звычайны (Juniperus communis L.).

Аднадомныя, радзей двухдомныя, пераважна вечназялёныя дрэвы, значна радзей — кусты. Ветраапыляльныя. Лісце звычайна іголкападобнае або лускападобнае, простае, суцэльнае, чаргаванае, накрыж супраціўнае або ў кальчаках па 3 (4). Для некаторых відаў характэрна гетэрафілія, а таксама змена ювенільнага іголкападобнага лісця на лускападобнае. Для родаў метасеквоя, гліптастробус і таксодыум характэрны дымарфізм парасткаў (падоўжаныя і пакарочаныя). Другасная ксілема без смаляных хадоў, але часам з траўматычнымі смалянымі каналамі. Мужчынскія шышкі дробныя верхавінныя або, радзей, пазушныя, адзінкавыя або ў групах па 2–7, складаюцца са спіральна або супраціўна размешчаных шчыткападобных мікраспарафілаў з 2–10 свабоднымі мікраспарангіямі на ніжнім баку шчытка. Пылок без паветраных мяшочкаў. Мужчынскія гаметафіты звычайна развіваюцца без утварэння праталіяльных клетак. Жаночыя шышкі даволі дробныя, верхавінныя, акруглыя або прадаўгаватыя, адзінкавыя або ў зборах, складаюцца з невялікай колькасці лускавінак, размешчаных спіральна, супраціўна або у кальчаках; спеюць адзін, радзей 2–3 гады. Насенная і покрыўная лускавінкі цалкам зрастаюцца. Жаночыя гаметафіты з 8–60 архегоніямі (у розных родаў). Зародак з 2, радзей 3–5 (да 9 у таксодыума) семядолямі. Лускавінкі спелых жаночых шышак дравяністыя, злёгку прачыненыя, у роду ядловец становяцца сакавітымі і зрастаюцца адна з адной. Насенне дробнае, бяскрылае або з 2–3 крылападобнымі адросткамі.

Многія віды маюць рэліктавыя арэалы і скарачаюць сваю колькасць. Некаторыя прадстаўнікі родаў крыптамерыя, кунінгамія, калацэдрус, туя, ядловец, кіпарысавік і іншыя маюць важнае практычнае значэнне і выкарыстоўваюцца як будаўнічыя, вырабныя або дэкаратыўныя расліны.