Дата стварэння: 13.12.2024 08:58:32
Дата змены: 12.03.2025 15:32:10
Аддзел Аскаміцэты Ascomycota Caval.-Sm. |
Клас Леканораміцэты Lecanoromycetes O. E. Erikss., Winka |
Парадак Леканоравыя Lecanorales Nannf. |
Сямейства Пармеліевыя Parmeliaceae Eschw. |
Род Пармелія Parmelia Ach. |
Парме́лія (Parmelia Ach.), род ліставатых лішайнікаў сямейства Пармеліевыя.
У свеце вядома каля 40 відаў, распаўсюджаны ва ўсіх кліматычных зонах, найбольшая колькасць відаў у Азіі і Аўстраліі. Сустракаюцца на кары, драўніне, камянях у ліставых, мяшаных і хвойных лясах.
У Беларусі 6 відаў: пармелія падманлівая [Parmelia fraudans (Nyl.) Nyl.], пармелія пупападобная [Parmelia omphalodes (L.) Ach.], пармелія скальная [Parmelia saxatilis (L.) Ach.], пармелія Серана (Parmelia serrana A. Crespo, M. C. Molina et D. Hawksw.), пармелія амаль горная (Parmelia submontana Nádv.), пармелія баразнаватая (Parmelia sulcata Taylor).
Найбольш часта на кары ліставых парод, радзей на хвойных дрэвах, на драўніне і валунах, сустракаецца пармелія баразнаватая — адзін з самых распаўсюджаных на антрапагенных тэрыторыях сінантропных відаў.
Талом скурыста-ліставаты, разеткападобны, шчыльна прылеглы да субстрату. Слаявінныя лопасці выемчата-хвалістыя. Верхні бок талома блакітна-шэры, попельна-шэры. На паверхні выразна выступае сетка жылак, па рэбрах размяшчаюцца сараліі і ізідыі. Апатэцыі сустракаюцца рэдка.
Верхні каравы́ слой афарбоўваецца гідраксідам калію ў жоўты колер, а потым у чырванавата-карычневы. Змяшчаюцца лішайнікавыя кіслоты: атранарын, ліхестэрынавая, лабарыевая і проталіхестэрынавая.