АКАРАСПОРА, род накіпных лішайнікаў сямейства Акараспоравыя
pdf

АКАРАСПОРА

Дата стварэння: 13.03.2025 11:19:34

Дата змены: 20.03.2025 14:25:45


Акараспо́ра (Acarospora A. Massal.), род накіпных лішайнікаў сямейства Акараспоравыя.

Віды насяляюць камяністыя субстраты, якія змяшчаюць вапну і кальцый (валуны, камяні, гіпс, пясчанік, сланцы, цэгла і г. д.). Распаўсюджаны пераважна ў Паўночным паўшар’і, сустракаюцца ў горных рэгіёнах, радзей на раўнінах, ва ўсіх раслінна-кліматычных зонах. У свеце вядома каля 130 відаў.

У Беларусі каля 5 відаў. Найбольш часта сустракаюцца акараспора бураватая [Acarospora fuscata (Nyl.) Th. Fr.], радзей акараспора маласпоравая [Acarospora oligospora (Nyl.) Arn.] і акараспора веронская (Acarospora veronensis A. Massal.). Растуць на валунах у адкрытых, добра прагрэтых месцах (лугі, палі, пашы) ці ў засені лесу альбо на мяжы лесу і лугу (экатон).

Талом у выглядзе арэаляванай або лускаватай корачкі, шаравата- або чырванавата-карычневы, часам жаўтавата-бураваты. Арэолы (лускавінкі) 0,5⁠–⁠2(3) мм у дыяметры і 0,3–0,7 мм таўшчынёй, звычайна ўвагнутыя да плоскіх, гладкія, няправільныя па форме, вуглаватыя або лопасцевыя. Апатэцыі 0,2⁠–⁠0,6 мм у дыяметры, паглыбленыя ў арэолы па адным, радзей па 2–3 або больш. Дыск увагнуты, няправільнай формы, часам акруглы, чырванавата-карычневы або чарнаваты, звычайна цямнейшы за талом. Уласны край апатэцыю (эксцыпул) 10–30 мкм таўшчынёй. Гіпатэцый 40–60 мкм таўшчынёй. Гіменій 85–100 мкм вышынёй. Сумкі 60–85 × 15–17 мкм, маюць па 100–200 спор. Споры 4–5,6 × 1,5–1,8 мкм, вузка эліпсоідныя.

Талом ад гіпахларыту кальцыю чырванее. Талом мае лішайнікавыя кіслоты: нарстыктавую і гірафоравую.


Літаратура
  1. Флора Беларуси. Лишайники: в 4 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2019.

  2. Яцына А. П. Практикум по накипным лишайникам Беларуси: пособие / А. П. Яцына, Л. М. Мержвинский. – Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2019.

  3. Яцына А. П. Коллекция лишайников и близкородственных грибов Института экспериментальной ботаники НАН Беларуси (MSK-L). – Минск: Беларуская навука, 2022.

  4. Яцына А. П. Лихенобиота хвойных лесов Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2024.

  5. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: АалітыГасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983.