АМАНДЫНЕЯ, род накіпных лішайнікаў сямейства Каліцыевыя
pdf

АМАНДЫНЕЯ

Дата стварэння: 13.03.2025 11:20:02

Дата змены: 30.12.2025 14:15:01


Амандыне́я (Amandinea M. Choisy ex Scheid. et H. Mayrhofer), род накіпных лішайнікаў сямейства Каліцыевыя.

Віды насяляюць пераважна камяні ў халодных і ўмераных рэгіёнах, радзей кару хвойных і ліставых дрэў, драўніну. Распаўсюджаны ў абодвух паўшар’ях. У свеце вядома каля 90 відаў.

У Беларусі адзін від — амандынея кропкавая [Amandinea punctata (Hoffm.) Coppins et Scheid.], сустракаецца паўсюдна. Расце на кары ліставых (ліпа, асіна, дуб, клён), радзей на хвойных (елка, лістоўніца), на апрацаванай драўніне (квартальныя слупы, альтанкі і г. д.), у ліставых і мяшаных лясах, на антрапагенных тэрыторыях (гарадскія паркі, скверы), таксама ў старых сядзібных парках. Індыкатар забруджвання паветра цяжкімі металамі і аксідамі серы.

Талом накіпны, ад вельмі тонкай да тоўстай, зярністай, патрэскана-арэаляванай корачкі, ад карычневага да шэрага колеру. Фотабіёнт — аднаклетачная зялёная водарасць роду трэбуксія (Trebouxia Puym.). Апатэцыі чорныя, лецыдзеевага тыпу, звычайна з захаваным краем, ад паглыбленых да сядзячых, цалкам прыціснутых або злёгку звужаных каля асновы. Уласны край апатэцыю (эксцыпул) утвораны радыяльна разбежнымі гіфамі, звычайна афарбаванымі ў верхняй частцы. Эпігіменій ад карычневага да зялёнага. Гіменій без кропляў алею. Гіпатэцый цёмна-карычневы, радзей светлы. Парафізы разгалінаваныя або простыя, канцы парафіз пашыраныя і афарбаваныя. У сумцы па 8 спор. Споры карычневыя 2‑клетачныя, прамыя або крыху выгнутыя. Канідыі вельмі тонкія, доўгія і дугападобныя, 15–30 мкм даўжынёй.


Літаратура
  1. Флора Беларуси. Лишайники: в 4 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2019.

  2. Яцына А. П. Практикум по накипным лишайникам Беларуси: пособие / А. П. Яцына, Л. М. Мержвинский. – Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2019.

  3. Яцына А. П. Коллекция лишайников и близкородственных грибов Института экспериментальной ботаники НАН Беларуси (MSK-L). – Минск: Беларуская навука, 2022.

  4. Яцына А. П. Лихенобиота хвойных лесов Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2024.