Дата стварэння: 13.03.2025 11:20:15
Дата змены: 20.03.2025 14:26:35
Арто́нія (Arthonia Ach.), род накіпных лішайнікаў сямейства Артоніевыя.
Віды насяляюць пераважна гладкую і маладую кару ліставых дрэў, радзей лісце вечназялёных раслін, драўніну і камяністы субстрат (валуны) як ва ўмераных, так і ў трапічных рэгіёнах абодвух паўшар’яў. Віды роду прадстаўлены як лішайнікамі, так і ліхенафільнымі грыбамі. У свеце вядома каля 160 відаў.
У Беларусі адзначана каля 15 відаў: артонія каштанавая (Arthonia spadicea Leight), артонія чорная [Arthonia atra (Pers.) A. Schneid], артонія двайная (Arthonia didyma Körb.), артонія кропкападобная (Arthonia punctiformis Ach.), артонія прамяністая [Arthonia radiata (Pers) Ach.] і іншыя, а таксама ліхенафільны грыб — артонія ўвянчаная (Arthonia coronata Etayo). Лішайнікі сустракаюцца на гладкай кары ліставых дрэў (рабіна, алешына чорная і шэрая, ляшчына, крушына, бяроза, клён), радзей на драўніне, у ліставых, мяшаных і хвойных лясах, радзей на тэрыторыях сядзібных паркаў.
Талом накіпны, тонкі, гетэрамерны, без каравога слоя, прымацоўваецца да субстрату гіфамі стрыжнёвага слоя. Фотабіёнт — водарасці роду пратакокус (Protococcus C. Agardh) і трэнтэполія (Trentepohlia Mart.). Апатэцыі ў выглядзе рысачак, паглыбленыя або напаўпаглыбленыя ў талом, прыціснутыя да яго або сядзячыя, акруглыя або няправільна-зорчатай формы. Дыск ад плоскага да выпуклага, чорны, буры, чырвоны, чырванавата-карычневы. Гіменій ад бясколернага да жаўтавата-бурага колеру. Гіпатэцый бясколерны або ад бураватага да вугальна-чорнага колеру. Парафізы тонкія. Сумкі шырокабулавападобныя, ад яйкападобных да акруглых, з 8 спорамі. Споры звычайна бясколерныя, зрэдку цемнаватыя, 2‑клетачныя, папярочна-шматклетачныя або муральныя.
Красная книга Республики Беларусь. Растения / Редкол.: С. М. Масляк (председатель) [и др.]. – Минск: Издательство «Беларусь», 2025.
Флора Беларуси. Лишайники: в 4 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2019.
Яцына А. П. Практикум по накипным лишайникам Беларуси: пособие / А. П. Яцына, Л. М. Мержвинский. – Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2019.
Яцына А. П. Коллекция лишайников и близкородственных грибов Института экспериментальной ботаники НАН Беларуси (MSK-L). – Минск: Беларуская навука, 2022.