Дата стварэння: 13.03.2025 11:20:27
Дата змены: 20.03.2025 14:25:45
Аспіцы́лія (Aspicilia A. Massal.), род накіпных лішайнікаў сямейства Мегаспоравыя.
У свеце вядома каля 70 відаў. Распаўсюджаны ў абодвух паўшар’ях, у халодных, гарачых і ўмераных рэгіёнах. Насяляюць пераважна камяні, гальку, сланец, гіпс. Некаторыя прадстаўнікі роду з’яўляюцца піянернымі відамі, першымі пасяляюцца на камянях.
У Беларусі адзін від — аспіцылія попельна-шэрая [Aspicilia cinerea (L.) Körb.], сустракаецца паўсюдна. Расце на гранітных валунах або на каменні ў адкрытых, добра прагрэтых месцах, радзей у лясной засені.
Талом арэалявана-патрэсканы, попельна-шэры, даволі тоўсты. Арэолы вельмі розныя па памеры і форме, шырыня 0,5–1 мм, таўшчыня 0,3–0,6 мм, плоскія, злёгку выпуклыя. Падслаявіна чорная. Апатэцыі леканоравага тыпу размяшчаюцца на бародаўкападобных арэолах, шматлікія, 0,5–1 мм у дыяметры. Уласны край апатэцыю (эксцыпул) каля паверхні аліўкава-карычневы. Гіпатэцый распазнаецца дрэнна. Гіменій з карычнявата-жоўтым адценнем. Эпітэцый карычневы. Парафізы 1,7–2 мкм таўшчынёй, пацеркападобныя. Сумкі булавападобныя, з 8 спорамі. Споры 14–20 × 8–10 мкм.
Талом ад гідраксіду калію хутка афарбоўваецца ў іржава-чырвоны колер. Мае лішайнікавыя кіслоты: аспіцылін, гіпастыктавую, нарстыктавую, стыктавую.
Флора Беларуси. Лишайники: в 4 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2019.
Яцына А. П. Практикум по накипным лишайникам Беларуси: пособие / А. П. Яцына, Л. М. Мержвинский. – Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2019.
Яцына А. П. Коллекция лишайников и близкородственных грибов Института экспериментальной ботаники НАН Беларуси (MSK-L). – Минск: Беларуская навука, 2022.
Яцына А. П. Лихенобиота хвойных лесов Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2024.
Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты―Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983.